Вячаслаў Лазараў, які выйшаў з магілёўскай калоніі, трохі расказаў пра Паднябеннага, які загінуў «ад удушша»
Ён быў у нармальным псіхалагічным стане, у яго не было думак пра самагубства, сцвярджае былы палітвязень на прэс-канферэнцыі ў Вільні 12 верасня.
Андрэй Паднябенны
«Стан у яго быў адназначна такі, што ён не быў даведзены, з усімі ў яго былі нармальныя адносіны. Гэта 18-ы атрад, як я ведаю. І па прафуліку там, па вялікаму рахунку, некалькі чалавек толькі — і ўсё. Вось тое, што я ведаю», — сказаў вызвалены і дэпартаваны ўчора відэааператар Вячаслаў Лазараў.
Вячаслаў Лазараў
36-гадовы Андрэй Паднябенны памёр у калоніі селёта 3 верасня, яго знайшлі павешаным у штрафным ізалятары, паведаміла ягоная маці ў сацыяльных сетках. Прычынай стала нібыта «ўдушша». Афіцыйныя крыніцы смерць Андрэя Паднябеннага не пацвярджалі.
Паднябеннага асудзілі на 16 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі паводле палітычных спраў. Пакаранне мужчына адбываў у магілёўскай калоніі № 15.
Як піша «Вясна», Андрэй Паднябенны навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце транспарту. Пасля перавёўся ў Харкаўскі аўтадарожны. Працаваў як ІП, меў дазвол на рознічны гандаль таварамі. Працаваў таксама ў гандлі аўтазапчасткамі, на курсах кіравання.
Андрэй пакінуў жонку і малых дачок.
Чытайце таксама:
Палітвязень Паднябенны павесіўся ў ШІЗА магілёўскай калоніі