Былы палітвязень Павел Вінаградаў: Я малады, здаровы і поўны сіл, адзінае, што непакоіць — зубы і вочы
«Калі надзелі мяшок на галаву і кудысьці павезлі, я зразумеў, што выходжу. Толькі не ведаў, што сюды», — заявіў журналістам палітзняволены Павел Вінаградаў, вызвалены і вывезены ў Вільню 11 верасня разам з іншымі 50 вязнямі, піша «Позірк».
Паводле слоў Вінаградава, пасля вызвалення Сяргея Ціханоўскага ў чэрвені ён чакаў, што выпусцяць і яго.
«Цяпер мне падвязуць каньяк, я яго вып’ю і буду слухаць, што тут адбываецца, хто з кім, хто супраць каго сябруе. Будзе, я думаю, мне вельмі цікава», — сказаў Вінаградаў.
Цяпер 37-гадовы актывіст быў затрыманы 22 снежня 2021 года. 16 сакавіка 2022 года прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі).
У чэрвені 2022 года Вінаградаў быў уключаны ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. У ліпені таго ж года ў яго знайшлі пляму ў лёгкіх, курс антыбіётыкаў, як паведамлялі праваабаронцы, не прынёс выніку. У палітвязня быў дыягнаставаны сухоты, ён схуднеў на 36 кг. У сярэдзіне лютага 2023 года стала вядома пра яго выздараўленне. За «парушэнні рэжыму» Вінаградава змяшчалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу.
«Маё здароўе значна лепшае, чым у 2022 годзе — на здзіўленне. У гэтым плане, канкрэтна ў маім выпадку, пенітэнцыярная сістэма спрацавала выдатна. Я схуднеў, жонка задаволеная маім знешнім выглядам, яшчэ, можа, напіша падзячны ліст у ДВП (Дэпартамент выканання пакаранняў МУС)», — іранічна выказаў меркаванне Вінаградаў у каментары СМІ.
«Адзінае, — удакладніў ён, — зубы і вочы. Можа, пакуль сядзеў у ізалятарах, пашкодзіў трошкі спіну і шыю — спаў на дрэве або на плітцы. Карацей, нармальна ўсё. Мне 37.Я малады, здаровы і поўны сіл».
Актывіст паведаміў, што чакае прыезду жонкі, «але, на жаль, гэта немагчыма ў дадзены момант». «Таму яна прыедзе як-небудзь хутка, я спадзяюся. Павінна было быць у мяне спатканне, як раз суд дазволіў, з сынам, якога не бачыў з 2021 года, але, мабыць, сустрэнемся ўжо тут, у Еўрасаюзе», — сказаў Вінаградаў.
Чытайце таксама:
Вызвалены журналіст Павел Мажэйка: Мы ўсе ў калоніі бачылі допіс Трампа
Поўны спіс 52 вызваленых палітвязняў
Вязень сумлення Дзмітрый Казлоў (блогер Шэры Кот) да і пасля вызвалення ФОТАФАКТ
Вось як у Вільні сустракалі вызваленых палітвязняў ШМАТ ФОТА
У Вільні сёння правядуць прэс-канферэнцыю з удзелам вызваленых палітвязняў