БЕЛ Ł РУС

Украіна заявіла пра пашкоджанне расійскага карабля каля Наварасійска

11.09.2025 / 15:27

Nashaniva.com

Украіна заявіла, што ў Наварасійску быў пашкоджаны карабель Чарнаморскага флоту Расіі. Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, спецназаўцы выследзілі і атакавалі шматфункцыянальнае судна праекта МПСВ07, якое займалася радыёэлектроннай разведкай і патруляваннем бухты.

Фота: НВЦ «СЭС»

Гэта быў аварыйна-ратавальны карабель магутнасцю 4 МВт, які каштуе каля 60 млн долараў і быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2015 годзе. Магчыма, гаворка ідзе пра карабель «Ратавальнік Дзямідаў», лічыць выданне The Insider.

Для ўдару выкарыстоўваўся беспілотнік украінскай вытворчасці, які паразіў ходавы мосцік, дзе размяшчалася навігацыйная і сувязная тэхніка. У выніку была знішчаная апаратура радыёэлектроннай разведкі, а сам карабель выйшаў са строю і патрабуе дарагога рамонту. Мінабароны РФ інцыдэнт пакуль не каментавала.

Атаку пацвердзілі таксама марскі атрад 88-й добраахвотніцкай брыгады «Эспаньола» і Z-канал «Два майора», адзначаючы, што ўзбраенняў на борце не было, а пашкоджанні нібыта нязначныя.

У Расіі ўсяго ёсць чатыры такія караблі, якія абсталяваныя вадалазнымі комплексамі, гідралакатарамі і сродкамі радыёэлектроннай разведкі, выкарыстоўваюцца яны для абследавання марскога дна і патрулявання.

Раней прадстаўнік ВМС Украіны заявіў, што пасля ўдараў УСУ ў Крыме ў Расіі не засталося баяздольных караблёў. Спадарожнікавыя здымкі паказвалі, што ацалелыя судны Чарнаморскага флоту сканцэнтраваліся ў Наварасійску. Але база апынулася пад пагрозай пасля таго, як ЗША і іх саюзнікі дазволілі Украіне выкарыстоўваць дальнабойныя ракеты.

Паводле даных Oryx, з пачатку вайны Украіна знішчыла або пашкодзіла 27 расійскіх караблёў і адну падводную лодку.

Чытайце таксама:

Ці павінна НАТА пасля дронавай атакі на Польшчу задзейнічаць 5-ты артыкул? Адназначна — не. Але рэагаваць мусіць рашуча

Расійскі афіцэр дапамог УСУ ўдарыць па расійскім палігоне і забіць 65 вайскоўцаў

Пуцін, верагодна, знаходзіўся ў Сочы, калі горад атакавалі дроны

Каментары да артыкула