Прыём педыятра за 100 рублёў? Дактары тлумачаць, чаму такія грошы
Міністэрства аховы здароўя ўзяло пад кантроль цэны ў прыватных медыцынскіх цэнтрах. Але на практыцы цэны на прыём працягваюць выклікаць спрэчкі паміж медыкамі і пацыентамі.
Фота з інстаграма медцэнтра Baby Boss
Пра непрыемны выпадак распавяла ў інстаграме педыятарка Яна Бурко, якая працуе ў дзіцячым прыватным медцэнтры Baby Boss. Нядаўна яна як экспертка выступала на фестывалі і абмяркоўвала з аўдыторыяй прызначэнне лекаў, якія не адпавядаюць прынцыпам доказнай медыцыны.
Педыятарка Яна Бурко. Скрыншот яе рылса
— Я жартам сказала: «Прыходзьце да мяне на прыём, і я вам дакладна не буду гэта прызначаць». У мяне адразу спыталі, дзе я прымаю. Я назвала свой медцэнтр. І нечакана ад аднаго з бацькоў пачула: «Гэта ў вас педыятры 100 рублёў бяруць за адзін прыём?».
Доктарка стала казаць, што не ва ўсіх такі цэннік.
— Першасны прыём у мяне не каштуе 100 рублёў. Але калі да мяне ўпершыню прыйдзе дзіця да года, якое ні разу не было ў нас у цэнтры ні ў аднаго педыятра, яго гадзінны прыём будзе каштаваць больш за 100 рублёў.
Яна Бурко тлумачыць такі небюджэтны кошт: кажа, што гадзіну будзе збіраць анамнез, пачынаючы з таго, якой была цяжарнасць у маці, і да сёння. А калі дзіця здаровае і няма нейкіх спецыфічных пытанняў, дык з бацькамі абмяркуюць вакцынацыю, харчаванне, планавыя абследаванні. Плюс, канечне, сам агляд маленькага пацыента.
— Але не мае значэння, якога ўзросту дзіця — калі яно ўпершыню трапіла да мяне ў медыцынскі цэнтр, я буду збіраць той жа анамнез. Буду пытацца пра цяжарнасць, пра першыя гады жыцця, не залежна ад таго, два яму гады ці пятнаццаць. І пасля агляду я павінна вызначыць план далейшых дзеянняў, далейшых абследаванняў — калі яны патрэбны.
Доктарка прызнае: у некаторых яе калег-педыятраў у цэнтры — тыя, у каго запіс на месяц наперад — кошт кансультацыі сапраўды больш за 100 рублёў за прыём. Але яна лічыць гэта адэкватным:
— Калі вы гадамі ходзіце па дактарах і не ведаеце, што з вашым дзіцём, і прыходзіце на працяглую кваліфікаваную кансультацыю, на якой вам распавядуць усё ад А да Я… Гэта будзе каштаваць нашмат танней, чым вы патрацілі за ўсе мінулыя гады на абследаванні і лячэнне дзіцяці.
Меркаванні каментатараў пад відэа падзяліліся.
Нехта параўноўваў кошт прыёму ў доктара з б’юці-паслугамі: «Манікюр за 100 рублёў — норма (на тры тыдні максімум), а здароўе дзіцяці — надта дорага. Парадокс».
Іншыя адзначалі, што далёка не кожнаму патрэбна кансультацыя цягам гадзіны: «Калі я прывяду 15-гадовае дзіця з падазрэннем на пнеўманію, мы будзем абмяркоўваць маю цяжарнасць, роды і як развівалася дзіця па гадах? А прывёўшы месячнае дзіця на планавы агляд, я таксама не хачу сядзець цэлую гадзіну, мурыжыць дзіця, абмяркоўваючы, напрыклад, пытанні вакцынацыі. Па пытаннях вакцынацыі я прыйду асобна і без дзіцяці. А проста цягнуць ката за хвост, каб заняць гадзіну прыёму там, дзе няма неабходнасці, не бачу сэнсу».
У каментарыях з’явілася і іншая доктарка-блогерка — Аксана Доўнар-Запольская, якая таксама працуе педыятаркай у Baby Boss. Яна кандыдатка медыцынскіх навук. Аксана напісала, што 100 рублёў каштуе яе прыём.
Доктарка падкрэсліла, што ў бацькоў ёсць заўсёды бясплатная альтэрнатыва — яны могуць чытаць блогі экспертаў у сацыяльных сетках. Сама ж жанчына лічыць, што доктар не павінен апраўдвацца за кошт свайго прыёму, бо траціць шмат сілаў і грошай на навучанне.
— Падпіска UpToDate — 500 даляраў штогод, курсы ў моцных педыятраў і спецыялістаў — таксама не малыя грошы. І ніхто на гэта з нас, педыятраў, не скардзіцца. Заплаціўшы 100 рублёў за прыём, бацькі гарантавана атрымліваюць кваліфікаваную кансультацыю без вады і цемрашальства.
Яна піша, што абясцэньванне спецыялістаў нізкай аплатай за прыём даўно павінна было застацца ў мінулым. А бацькі самі могуць абраць, да якога доктара ісці.
Абурэнне падтрымала і гінеколаг Марыя Мачульская: «Даўно паўтараюць, што медыцына — сфера паслуг. Таму і клас паслуг можа быць розны. Ад эканом варыянту да люксу. Пералёты, адзенне і гэтак далей маюць гэты клас, а дактары хто? Добраахвотныя рабы? Ёсць паліклініка, там бясплатна. Кошт прыёму і якасць паслуг выбірае пацыент. А доктар таксама чалавек і хоча за сваю працу атрымліваць адпаведную аплату! А калі ўлічыць, колькі каштуе навучанне доктара, дык кошт прыёму мізэрны».
Да дыскусіі далучылася заснавальніца Baby Boss, педыятарка Алеся Карэва. Яна пацвердзіла, што прайс у розных медыцынскіх цэнтрах адрозніваецца. Але кажа, што і выдаткі ва ўсіх адрозніваюцца — у кагосьці арэнда можа каштаваць 5 еўра за квадрат, а ў кагосьці і 21 еўра.
Скрыншот сторыс Алесі Карэва
У сябе ў сторыс Алеся Карэва растлумачыла, адкуль бяруцца цэны на медыцынскія паслугі:
— Кошт прыёму доктара — гэта заробак доктара (15—20%) плюс выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і падаходны падатак (15%), плюс заробкі ўсяго абслугоўваючага персаналу (адміністратары, юрыст, медсястра, дырэктар, бухгалтар, кол-цэнтр — гэта яшчэ 20%), арганізацыя прыёму (памяшканне, староннія арганізацыі, расходныя матэрыялы і іншае — 30—40%), плюс прыбытак заснавальнікаў (3—5%), плюс падатак.
Алеся просіць пацыентаў не крыўдзіць дактароў пытаннямі пра кошт прыёму. Кажа, што шмат хто сыходзіць з прафесіі, бо не вытрымлівае ўмоў працы.
— Мне зразумелыя сумневы пацыентаў, я і сама пацыентка. Я таксама баюся, што медыцына ў нас стане дарагой, але яшчэ больш баюся, што яна стане недаступнай нават за грошы, што не будзе тых, хто зможа дапамагчы.
Алеся называе цэны ў сваім цэнтры аднымі з самых нізкіх, але папярэджвае: з 15 верасня ў Baby Boss працягласць стандартнай кансультацыі будзе ўжо 20 хвілін замест ранейшых 30.
Пры гэтым жанчына падкрэслівае: медцэнтр выконвае рашэнне Міністэрства аховы здароўя адносна рэгулявання цэн.
Нагадаем: сёлета з 1 лютага Мінздароўя вызначае цэны на прыём у прыватных медцэнтрах. Напрыклад, стандартны першасны прыём спецыяліста, кандыдата медыцынскіх навук з лютага не можа каштаваць даражэй за 45 рублёў, а доктара медыцынскіх навук, а таксама дацэнта і кандыдата медыцынскіх навук — 47 рублёў.
За рэгуляванне цэн у прыватных медыцынскіх цэнтрах Міністэрства аховы здароўя ўзялося летась пасля скандалу ў «МедАвеню». Тады пацыентка на касе была вымушана заплаціць за медыцынскую маніпуляцыю замест 65 рублёў (як было пазначана на сайце) ажно 150 рублёў.