Ціханоўская пра залёт расійскіх дронаў у Польшчу: Еўропа павінна адказаць адзінствам і сілай, каб спыніць гэтую агрэсію
Святлана Ціханоўская назвала начны залёт расійскіх беспілотнікаў у Польшчу наўмыснай эскалацыяй. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, якое Ціханоўская размясціла на платформе Х.
Святлана Ціханоўская і Урсула фон дэр Ляен. Фота прэс-службы Ціханоўскай
«Парушэнне расійскімі беспілотнікамі паветранай прасторы Польшчы — гэта не выпадковасць, а наўмысная эскалацыя. Пуцін і Лукашэнка ставяць пад пагрозу Польшчу і ўвесь Еўрасаюз. Гэта «адказ» Расіі на мірныя намаганні: яшчэ больш тэрора, яшчэ больш правакацый.
Еўропа павінна адказаць адзінствам і сілай, каб спыніць гэтую агрэсію», — напісала яна.
Уначы на тэрыторыю Польшчы заляцела, па розных ацэнка[, ад васьмі да дзесяці расійскіх дронаў. Былі закрытыя аэрапорты ў Варшаве, Жэшаве і Любліне, грамадзянам рэкамендавалася не выходзіць на вуліцы. Адзін з беспілотнікаў разбурыў дах у доме ў вёсцы Выдрык за 30 км ад мяжы з Беларуссю.