БЕЛ Ł РУС

Палітвязень Паднябенны павесіўся ў ШІЗА магілёўскай калоніі

10.09.2025 / 8:28

Nashaniva.com

3 верасня ў магілёўскай калоніі №15 быў знойдзены мёртвым палітвязень Андрэй Паднябенны. Афіцыйная прычына смерці — удушша. Маці хлопца пацвердзіла ў Аднакласніках, што яе сын павесіўся.

Валянціна Паднябенная напісала, што яе сын Андрэй «умудрыўся павесіцца незразумела на чым у ШІЗА калоніі пятнашкі». 

36-гадовы Андрэй Паднябенны меў расійскае грамадзянства (ён родам з Хабараўска), але з шасці гадоў жыў у Беларусі і меў дазвол на жыхарства.

Мужчына навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце транспарту. Пасля перавёўся ў Харкаўскі аўтадарожны. Быў іпэшнікам і меў дазвол на рознічны гандаль таварамі. Працаваў таксама ў гандлі аўтазапчасткамі, на курсах кіравання, пісала «Вясна».

У Андрэя засталіся трое дзяцей.

Ён пачаў займацца актывізмам з 2019 года. Тады выступаў супраць кропкавай забудовы ў сваім раёне: збіраў подпісы пад калектыўным зваротам жыхароў супраць ушчыльнення і друкаваў улёткі. 

На выбарах 2020 года Андрэй быў назіральнікам. Яго абурылі фальсіфікацыі, ён пісаў скаргі на начальніка камісіі ў пракуратуру. Хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту. На адной з такіх ён быў на машыне: за гэта быў аштрафаваны і пазбаўлены правоў.

Затрымалі Андрэя 5 лістапада 2021 года і змясцілі пад варту. 

Хлопца судзілі ў закрытым рэжыме. Яго абвінавацілі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі, сярод якіх ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму). Андрэя абвінавачвалі ў падпале машыны начальніка ўпраўлення дэпартаменту выканання пакаранняў, праколе колаў у 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні Telegram-канала і чата, якія прызналі экстрэмісцкімі фарміраваннямі.

Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Андрэю 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

КДБ унёс Андрэя ў «спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Але праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Потым Андрэю дадалі да асноўнага тэрміну яшчэ год і восем месяцаў зняволення. Яго дадаткова асудзілі па чатырох крымінальных артыкулах, у тым ліку за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».

Палітвязень знаходзіўся ў калоніі №15 у Магілёве.

Гэта ўжо дзявятая смерць у калоніі ці турме: Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік, Дзмітрый Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмер, Андрэй Паднябенны.

Чытайце таксама:

«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў

Стала вядомай прычына смерці палітвязня Андрэя Паднябеннага

36-гадовы палітвязень загінуў у Магілёўскай калоніі

Каментары да артыкула