БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Пуцін сказаў Трампу, што захопіць Данбас за тры-чатыры месяцы

10.09.2025 / 8:5

Nashaniva.com

«І калі мы выведзем войскі, і ён атрымае ўвесь Данбас, хто дасць гарантыю, што ён не пойдзе далей — на 90 кіламетраў да Харкава? Бо ён заўсёды хацеў Харкаў», — зазначыў прэзідэнт Украіны.

Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп падчас сустрэчы на Алясцы 15 жніўня 2025 года. Фота: Andrew Harnik / Getty Images

Уладзімір Пуцін заявіў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу і яго спецпаверанаму Стыву Уіткафу, што мае намер поўнасцю захапіць Данбас максімум за чатыры месяцы. Пра гэта распавёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю ABC News, апублікаваным у аўторак.

«Гэта самая ўмацаваная частка з найбольш баяздольнымі сіламі», — патлумачыў Зяленскі, адказваючы на пытанне, чаму Украіна не можа пайсці на саступкі па Данбасе.

— «Гэта як крэпасць… І калі мы выведзем войскі, і ён атрымае ўвесь Данбас, хто дасць гарантыю, што ён не пойдзе далей — на 90 кіламетраў да Харкава? Бо ён заўсёды хацеў Харкаў».

Заявы Зяленскага пра лёс Данбаса прагучалі на фоне паведамленняў пра тое, што Пуцін прадставіў Трампу «мірны план» па Украіне падчас іх двухбаковой сустрэчы на Алясцы 15 жніўня. Паводле гэтага плана, Украіна павінна была перадаць Расіі неакупаваныя тэрыторыі Данбаса ў абмен на пісьмовае абавязацельства Крамля больш не пачынаць вайну супраць яе, нагадвае Расійская служба Радыё Свабода.

«Ён вельмі імкнуўся сустрэцца з прэзідэнтам Трампам, з прэзідэнтам Злучаных Штатаў, і, як мне здаецца, тое, што Пуцін гэтага дасягнуў — сумна, — сказаў Зяленскі. — Пуцін не хоча сустрэцца са мной, але хоча сустрэцца з прэзідэнтам ЗША, каб паказаць усім фатаграфіі і відэа сваёй сустрэчы».

Пасля перамоваў з Зяленскім і еўрапейскімі лідарамі ў Белым доме 18 жніўня Дональд Трамп абвясціў пра намер арганізаваць двухбаковую сустрэчу прэзідэнтаў Украіны і Расіі. Аднак 3 верасня Пуцін заявіў, што гатовы сустрэцца з Зяленскім асабіста толькі ў тым выпадку, калі такая сустрэча адбудзецца ў Маскве.

«Я не магу паехаць у Маскву, калі мая краіна штодзённа знаходзіцца пад абстрэламі. Гэта відавочна, і ён гэта цудоўна разумее, — адзначыў Зяленскі. — Ён робіць гэта, каб цягнуць час… Пуцін гуляе ў гульні — і гуляе іх з Злучанымі Штатамі».

Чытайце таксама:

Трамп прызнаўся, што раней вайна ва Украіне яму здавалася самым простым канфліктам з усіх. І здзіўлены, што гэта не так

Трамп дапусціў, што запросіць Пуціна на саміт G20 у Маямі

Каментары да артыкула