У цэнтры Гомеля расіяне паставяць помнік князю Паскевічу
У Гомелі зноў плануецца ўсталяванне помніка, адносна чаго думкі мясцовых жыхароў як звычайна не пыталіся. У цэнтральным парку хутка будзе ўстаноўлены камень на месцы будучага помніка князю Івану Паскевічу. Канчатковы эскіз вызначаць праз адкрыты конкурс, піша «Флагшток».
Бюст Івана Паскевіча ў музеі вайсковай славы. Фота: Wikimedia Commons
Яшчэ ў сакавіку 2025 года памочнік прэзідэнта Расіі і кіраўнік Расійскага вайскова-гістарычнага таварыства Уладзімір Мядзінскі паведамляў, што абмяркоўваў пытанне ўстаноўкі ў Гомелі помнікаў Івану Паскевічу і Канстанціну Ракасоўскаму з кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрыем Крутым.
Эскіз помніка Ракасоўскаму грамадскасці ўжо дэманстравалі. А помнік Паскевічу плануюць паставіць за некалькіх дзясяткаў метраў ад ужо наяўнай скульптуры Паскевіча, але не Івана, а яго сына Фёдара. Скульптура Фёдара вядомая пад назвай «Прагулка з хартамі».
Скульптура «Прагулка з хартамі» ў Гомелі. Фота: must-see.top
Мэта расіян у прапагандзе постаці Івана Паскевіча відавочная. Гэты военачальнік удзельнічаў у падаўленні паўстання 1830—1831 гадоў у Польшчы, штурмам захопліваў Варшаву і быў намеснікам цара ў Царстве Польскім, дзе праводзіў жорсткую палітыку. Таксама Паскевіч камандаваў расійскімі войскамі пры задушэнні рэвалюцыі ў Венгрыі ў 1848—1849 гадах.
Пры ўстаноўцы помніка Ракасоўскаму меркавання гамельчукоў не пыталіся. У аддзеле культуры гарвыканкама падкрэслілі, што гэтае дзеянне разглядаюць як «ўпарадкаванне тэрыторыі». Хутчэй за ўсё, гэтак жа сама будзе і з помнікам Івану Паскевічу.
Чытайце таксама:
Расіяне выбралі, які помнік будзе пастаўлены ў Гомелі
У Гомелі сабака вельмі ўсцешыўся, сустрэўшы скульптуру з суродзічамі ВІДЭА
У гомельскім парку зʼявілася роставая статуя трэш-стрымера Мэлстроя