МЗС Беларусі асудзіла рашэнне чэшскага ўрада выслаць супрацоўніка беларускага пасольства
Міністэрства замежных спраў Беларусі асудзіла рашэнне Чэхіі аб’явіць персанай нон грата супрацоўніка беларускага пасольства ў Празе, які дзейнічаў пад прыкрыццём КДБ.
«Гэты крок з'яўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным і не спрыяе развіццю канструктыўнага ўзаемадзеяння і нармалізацыі двухбаковых адносін. Рэспубліка Беларусь пакідае за сабой права распачаць меры ў адказ у адпаведнасці з прынцыпам узаемнасці і абароны нацыянальных інтарэсаў, а таксама заклікае чэшскі бок устрымлівацца ад далейшых недружалюбных дзеянняў», — гаворыцца ў заяве МЗС.
8 верасня чэшскія ўлады паведамілі, што ў Еўропе была выкрыта шпіёнская сетка, якую спрабаваў стварыць беларускі КДБ. У расследаванні гэтай справы ўдзельнічалі EUROJUST і спецслужбы Румыніі, Чэхіі і Венгрыі. Менавіта ў сувязі з гэтым супрацоўнік пасольства, якога, верагодна, завуць Мікалай Дукшта, быў аб’яўлены персанай нон грата.
Акрамя таго, у Румыніі затрымалі былога намесніка кіраўніка Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандра Балана за дзяржаўную здраду і перадачу дзяржаўных сакрэтаў беларускім спецслужбам.
Паводле венгерскіх СМІ, да справы таксама можа быць датычны беларускі апазіцыйны актывіст, які працуе таксістам і жыве ў Польшчы на мяжы з Беларуссю. 9 верасня прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што на яе тэрыторыі затрымалі агента беларускіх спецслужбаў, але яго імя пакуль невядомае. Таксама Польшча высылае аднаго з дыпламатаў.
Чытайце таксама:
У Еўропе выкрылі беларускую шпіёнскую сетку. Арыштавалі былога кіраўніка малдаўскай контрразведкі
Стала вядома імя былога малдаўскага спецслужбіста, якога затрымалі за шпіянаж на карысць Беларусі
Стала вядома імя беларускага дыпламата ў Чэхіі, які мог мець дачыненне да шпіёнскай сеткі
У Польшчы затрымалі беларускага шпіёна і высылаюць аднаго з дыпламатаў