Беларуская чыгунка прадае вагоны, якімі раней абслугоўваліся маршруты ў Еўропу
Беларуская чыгунка выстаўляе на аўкцыён шэсць пасажырскіх вагонаў міжнароднага стандарту RIC. Гэтыя вагоны раней абслугоўвалі маршруты ў Польшчу, Нідэрланды і Швейцарыю, але цяпер сталі непатрэбныя, піша Blizko.by.
RIC-вагоны — гэта еўрапейскі стандарт, уведзены яшчэ ў 1922 годзе для вагонаў, якія маглі б курсіраваць па чыгунках розных краін. Вагоны адпавядаюць агульным патрабаванням і таму могуць свабодна перамяшчацца паміж дзяржавамі.
Усе шэсць вагонаў, якія належаць Беларускай чыгунцы, былі пабудаваныя ў Польшчы на заводзе H.Cegielski у Познані, а тэхнічнае абслугоўванне таксама праводзілася там. Першыя два такія вагоны мадэлі Z1-305Ad2 трапілі на баланс БЧ яшчэ ў 2008 годзе.
Асноўная розніца гэтых вагонаў у тым, што яны разлічаныя на еўрапейскую каляіну 1435 мм (у Беларусі і Расіі выкарыстоўваецца больш шырокая — 1520 мм). Таму яны крыху меншыя за звычайныя беларускія вагоны.
У купэ — тры месцы для сядзення, а на ноч раскладаюцца тры паліцы адна над адной. Гэта менш зручна, чым у звыклых для Беларусі «амендорфаўскіх» купэ з дзвюма паліцамі. Вагоны розных мадэляў адрозніваюцца нязначна. Усе інфармацыйныя таблічкі ўнутры надрукаваныя на чатырох мовах: рускай, нямецкай, французскай і італьянскай.
Частка вагонаў прадаецца з камплектам вузкакалейных і шырокакалейных колаў, а частка — толькі без вузкакалейных. Прадае іх Мінскі вагонны ўчастак Беларускай чыгункі.
Самая нізкая стартавая цана аднаго вагона — 1,404 мільёна рублёў, самая высокая — 2,94 мільёна рублёў. Крок павышэння стаўкі — 5%. Пакупнік павінен таксама заплаціць арганізатару аўкцыёну ўзнагароджанне ў 2% і каля 350 рублёў дадатковых выдаткаў.
У выніку самы дарагі вагон можа абысціся пераможцу таргоў мінімум у 3,149 мільёна рублёў, гэта прыкладна 1,04 мільёна даляраў ЗША па курсе Нацбанка.
Аўкцыён прызначаны на 3 кастрычніка 2025 года, пачатак аб 11-й гадзіне.
Чытайце таксама:
Пасажырскі вагон прадаецца ў Брэсцкай вобласці