БЕЛ Ł РУС

Рыта Дакота расказала, чаму ёй забаранілі спяваць у Расіі — беларускі і расійскі «чорныя спісы» ўніфікавалі

11.09.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Беларуская спявачка Рыта Дакота патлумачыла падпісчыкам, чаму ёй давялося рабіць кар'еру ў Расіі — нібыта таму, што БТ і АНТ патрабавалі ад яе спяваць па-беларуску.

Фота з інстаграма Рыты Дакоты

Нядаўна беларуская спявачка Рыта Дакота, якая стала папулярнай у Расіі, даведалася, што не можа больш выступаць там. Цяпер артыстка разам з сям’ёй жыве на Балі, перыядычна наведваецца ў ЗША.

Забарона на выступленні ў Расіі стала для Дакоты шокам. Кажа, што цяпер разбурана ўсё, што яна будавала больш за 10 гадоў: «Не ведаю, ці хопіць мне сіл нанова пабудаваць разбуранае. З нуля, у новай краіне — якая мне не падабаецца, — без досведу і сацыяльнага капіталу, без сяброў побач».

Артыстка сцвярджае, што першапачаткова з’язджала ў ЗША вучыцца, бо менавіта там працуюць найлепшыя саўндпрадзюсары і кампазітары. Але жыць там ніколі не планавала, бо гэта «вельмі дарагая і няўтульная краіна». У Лос-Анджэлес Дакота ехала, каб запісаць англамоўны альбом, а потым планавала вярнуцца ў Расію і выступаць.

Тэарэтычна яна можа прыляцець у Расію, але не бачыць у гэтым сэнсу.

Спявачка таксама распавяла, што нарэшце даведалася, чаму ёй забаранілі выступаць у Расіі. Рэч у тым, што Рыта Дакота да гэтага трапіла ў «чорны спіс» у Беларусі. У 2020 годзе яна падтрымала пратэсты і выпусціла песню «Уходи» — у кліп увайшлі рэальныя відэа разгону пратэстаў.

У 2022 годзе ў Беларусі затрымалі маці артысткі — адзін з лукашысцкіх тэлеграм-каналаў апублікаваў фота, на якім жанчына стаіць з бел-чырвона-белым сцягам. Вядома, што цяпер маці Рыты на свабодзе.

Рыта Дакота распавяла, што адносна нядаўна «чорныя спісы» абедзвюх краін аб’ядналі, таму з мінулага года яна не мае права выступаць і ў Расіі.

Артыстка згадала свае няўдалыя спробы прабіцца ў беларускі шоу-бізнэс: «Мне было 15-16 гадоў, я напісала песню «Спички». Я з ёй хадзіла на ўсе конкурсы. Я хадзіла на «Зорны дыліжанс» (гэта беларуская «Фабрыка зорак»), на конкурсы аўтарскіх песень… Хадзіла на АНТ, на БТ… І ўсюды мне казалі, што песня гаўно, што гэта нікому не трэба, што мне трэба спяваць на беларускай, навошта я спяваю на рускай. Што мае песні непатрыятычныя, вось гэта вось усё».

Дакота кажа, быццам менавіта гэта гісторыя вымусіла яе з'ехаць у Расію. Там спявачка трапіла на «Фабрыку зорак», а песня «Спички» стала адной з найбольш папулярных на праекце.

Хаця складана паверыць у тое, што на дзяржаўным тэлебачанні забаранялі рускамоўную песню — бо большасць беларускіх артыстаў спявае менавіта па-руску.

Чытайце таксама:

Рыту Дакоту абвінавацілі, што яна тэрмінова распрадала нерухомасць у Расіі амаль на $2 мільёны. Яна адказала

«Чатыры месяцы не магла заплюшчыць вока». Рыта Дакота паказала жудасны пабочны эфект касметычнай аперацыі

Спявачка Рыта Дакота выпускае калекцыю дарагіх купальнікаў з «сэксі-прапорцыямі»

Каментары да артыкула