Венгрыю ўсё ж прымусілі адмаўляцца ад расійскага газу
Венгрыя, якая застаецца найбуйнейшым кліентам «Газпрама» ў Еўрасаюзе, аб'явіла пра планы падпісаць доўгатэрміновы кантракт на пастаўкі газу з адной з заходніх краін. Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта, піша The Moscow Times.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Dmitry Lovetsky / AP
Паводле слоў Петэра Сіярта, Будапешт імкнецца да разнастайнасці крыніц і маршрутаў, каб зменшыць залежнасць ад аднаго пастаўшчыка.
З пачатку 2025 года Венгрыя атрымала больш за 5 мільярдаў кубаметраў расійскага газу праз трубаправод «Турэцкі паток». Штомесяц краіна траціць на закупкі энергарэсурсаў у Расіі каля 500 мільёнаў еўра. У ліпені пастаўкі газу склалі 285 мільёнаў еўра, нафты — яшчэ 200 мільёнаў. Акрамя Венгрыі, расійскі газ праз трубаправоды працягвае купляць Славакія, але ў значна меншых аб’ёмах.
Да гэтага часу газ у Венгрыю ішоў і праз Украіну, але з пачатку года транзіт быў спынены, бо Масква і Кіеў не падоўжылі адпаведную дамову.
Петэр Сіярта адзначыў, што калі ЕС увядзе забарону на расійскае паліва, краіна будзе шукаць іншыя варыянты. Адзін з іх — румынскі газ з Чорнага мора, здабыча якога павінна пачацца ў 2027 годзе.
Для «Газпрама» страта венгерскага рынку будзе адчувальнай, бо экспарт газу ў Еўропу і так знізіўся да мінімуму з 1970-х — менш за 10 мільярдаў кубаметраў за студзень—ліпень 2025 года. Да вайны ва Украіне аб’ёмы былі ў дзесяць разоў большыя.
Расійскі віцэ-прэм’ер Аляксандр Новак раней заяўляў, што Еўропа, маўляў, не зможа адмовіцца ад расійскіх энергарэсурсаў, бо для гэтага бракуе інфраструктуры, а альтэрнатыўныя пастаўкі даражэйшыя і складанейшыя ў лагістыцы.
Чытайце таксама:
Каб ЗША ўвялі санкцыі супраць Расіі, Еўропа павінна перастаць купляць расійскія нафту і газ
У Славакію зноў пачала паступаць нафта па газаправодзе «Дружба»
Што будзе з Беларуссю, калі ЕС увядзе поўнае гандлёвае эмбарга супраць Расіі