Дрон, які ўпаў у Польшчы, быў з кірылічнымі надпісамі і без узбраення
Увечары 7 верасня, каля 21:40, у вёсцы Палацічы Тэрэспальскай гміны Люблінскага ваяводства мясцовыя жыхары заўважылі выпаленае месца ў кукурузным полі. На зямлі ляжалі абломкі невядомага лятальнага апарата. Іх знайшлі памежнікі і перадалі сілавікам. Пазней пракуратура пацвердзіла, што гэта быў дрон без узбраення, на якім былі надпісы кірыліцай, паведамляе Onet.pl.
Фота: Польскае радыё
Паводле інфармацыі, вядомай на гэты момант, дрон упаў прыкладна за 300 метраў ад пункта пропуску ў Тэрэспалі на польска-беларускай мяжы. Сведкі расказалі, што чулі гук падзення.
Па даных тэлеканала TVN24, беспілотнік быў заўважаны польскімі вайсковымі радарамі. Ён рухаўся на невялікай вышыні і з малой хуткасцю, пасля чаго пачаў разварочвацца ў бок Украіны. Менавіта таму польскія вайскоўцы вырашылі не збіваць яго, бо ён не ўяўляў прамой пагрозы.
Polsat News паведамляе, што інфармацыю пра беспілотнік загадзя перадаў украінскі бок.
Спецыялісты мяркуюць, што гэта мог быць так званы «вабік» — дрон без баявой нагрузкі або з невялікай колькасцю выбухоўкі. Яго задача — адцягнуць сродкі супрацьпаветранай абароны, каб у гэты час асноўныя атакуючыя беспілотнікі мелі больш шанцаў прарвацца.
Цяпер польскія сілавыя органы і пракуратура працягваюць высвятляць, да якога тыпу належаў гэты дрон і адкуль ён стартаваў.
Чытайце таксама:
Непадалёк ад польска-беларускай мяжы ўпаў беспілотнік
У будынак урада ў Кіеве трапіў не дрон, а «Іскандэр»
Келаг пра атаку на Кіеў: Гэта не сігнал, што Расія хоча дыпламатычным шляхам скончыць вайну