Трамп расказаў, што разлічвае на хуткую размову з Пуціным
Прэзідэнт ЗША разлічвае, што ў хуткім часе правядзе тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным.
Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы на Алясцы 15 жніўня 2025 года. Фота Jae C Hong / AP
«Вельмі хутка, цягам бліжэйшых некалькіх дзён. Слухайце, мы гэта зробім. Сітуацыю паміж Расіяй і Украінай мы ўрэгулюем. Я ўпэўнены, што мы гэта зробім», — сказаў Трамп.
Амерыканскі прэзідэнт таксама паўтарыў, што ён незадаволены тым, як развіваецца сітуацыя ў расійска-украінскай вайне.
«Я незадаволены імі. Я незадаволены ўсім, што звязана з гэтай вайной», — сказаў ён.
Таксама прэзідэнт ЗША распавёў пра прыезд у пачатку гэтага тыдня еўрапейскіх лідараў у Вашынгтон.
«Некаторыя еўрапейскія лідары прыедуць у нашу краіну ў панядзелак або аўторак, і я думаю, што мы вырашым гэтае пытанне», — сказаў Дональд Трамп.
Каментары Трампа прагучалі пасля таго, як ён раней у нядзелю паведаміў журналістам, што яго адміністрацыя гатовая перайсці да другога этапу санкцый супраць Расіі.
Чытайце таксама:
У ЗША заявілі, што могуць абрынуць эканоміку Расіі. Але трэба дапамога Еўропы
Келаг пра атаку на Кіеў: Гэта не сігнал, што Расія хоча дыпламатычным шляхам скончыць вайну