Флатылія Грэты Тунберг з 21 судна зноў плыве ў Газу
Флатылія з невялікіх судоў, на якой прыхільнікі Палесціны на чале з Грэтай Тунберг збіраюцца зноў паспрабаваць трапіць у Газу, у нядзелю зрабіла прыпынак у Тунісе. Сустракаць флатылію Грэты Тунберг у порце побач са сталіцай Туніса сабраўся вялікі натоўп, піша Бі-бі-сі.
Фота: Kike Rincon/Europa Press via Getty Images
«Мы ўсе ведаем, навошта мы тут. За гэтым морам ізраільская машына забойстваў здзяйсняе генацыд, [правакуе] масавае галаданне», — заявіла прысутным 22-гадовая Тунберг.
У пачатку чэрвеня Тунберг з аднадумцамі ўжо спрабавала на яхце прарваць марскую блакаду Газы. Яхта была перахоплена, усіх прапалесцінскіх актывістаў з яе, уключаючы Тунберг, даставілі ў Ізраіль, а затым дэпартавалі.
Ізраільскія ўлады назвалі тую спробу дабрацца да Газы і прывезці туды невялікую партыю прадуктаў чыстай гульнёй на публіку і імітацыяй аказання гуманітарнай дапамогі. Ізраіль называе заявы пра масавае галаданне ў сектары Газа хлуснёй.
Пра голад заяўляюць не толькі актывісты, як Тунберг, і кіруючая ў сектары групоўка ХАМАС, але і, напрыклад, падраздзяленні ААН, якія абвінавачваюць Ізраіль у тым, што ён абмяжоўвае пастаўкі харчавання ў Газу.
Ізраіль у сакавіку забараніў пастаўку харчовай дапамогі ў сектар Газа па каналах устаноў ААН і іншых гуманітарных арганізацый, заявіўшы, што большую частку гэтай дапамогі забірае сабе ХАМАС.
З мая ізраільцяне сумесна з ЗША запусцілі новы, уласны механізм дастаўкі і размеркавання дапамогі. Ізраільскія ўлады сцвярджаюць, што цывільнае насельніцтва сектара Газа атрымлівае дастатковую колькасць харчавання.
Доўгі шлях па Міжземным моры
Афіцыйна флатылія, якая плыве ў бок Газы, называецца «Глабальная флатылія Сумуд» (арабскае слова «сумуд» азначае «трываласць»). Яна, згодна з данымі на сайце гэтай ініцыятывы, пакуль складаецца з 21 невялікага судна.
Яны стартавалі ў панядзелак з Барселоны, і частка з іх дабралася да Туніса, а частка яшчэ знаходзіцца ў шляху.
«Некаторыя з суднаў флатыліі, якая ідзе ў Газу, дасягнулі порта Сіды-Бусаід у Тунісе, дзе флатылія будзе пашырана, загружана дадатковай дапамогай, і да яе далучыцца туніская каманда», — напісалі актывісты «Глабальнай флатыліі Сумуд» у сетцы X.
Паводле першапачатковых планаў, «флатылія Тунберг» збіралася дабрацца да Газы ўжо ў сярэдзіне верасня, але цяпер абвешчана, што яна затрымаецца ў Тунісе на некалькі дзён. Ад Туніса да Газы — 2300 км морам.
Тунберг з аднадумцамі разлічваюць, што па шляху да флатыліі далучацца яшчэ дзясяткі малых суднаў.