У Ватыкане кананізаваны першы каталіцкі святы з пакалення міленіялаў
У прысутнасці 80 тысяч чалавек на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Папа Леў XIV абвясціў святым Карла Акуціса, які памёр у 2006 годзе ва ўзросце 15 гадоў ад лейкеміі.
Фота: vaticannews.va
Карла Акуціс — першы каталіцкі святы з пакалення міленіялаў і неафіцыйны «заступнік інтэрнэту».
Ён памёр у 2006 годзе ва ўзросце 15 гадоў ад лейкеміі. Яго цела, апранутае ў джынсы і красоўкі Nike, з 2019 года знаходзіцца ў шкляной труне ў італьянскім горадзе Асізі. Штогод тысячы паломнікаў прыбываюць, каб ушанаваць яго памяць.
Акуціс быў вядомы сваёй актыўнасцю ў інтэрнэце: ён ствараў сайты і праграмы, прысвечаныя хрысціянскім цудам і каталіцкім святым. Яго называюць «божым інфлюенсерам», а з грабніцы ідуць кругласутачныя трансляцыі на YouTube.
Каталіцкая царква прызнала два цуды, звязаныя з Акуцісам: вылячэнне 4-гадовага бразільца з цяжкай паталогіяй падстраўнікавай залозы і 21-гадовай студэнткі з Коста-Рыкі, якая атрымала цяжкія траўмы ў веласіпеднай аварыі.