БЕЛ Ł РУС

У Афганістане скончылі ратавальную аперацыю пасля моцнага землятрусу

6.09.2025 / 21:20

Nashaniva.com

Колькасць загінулых ад землятрусу ў Афганістане ўзрасла да 2204 чалавек, яшчэ каля 4 тысяч атрымалі раненні. Пра гэта паведаміў тэлеканалу Al Jazeera губернатар правінцыі Кунар Кудратула Абу Хамза.

Stringer/Anadolu via Getty Images

Землятрус магнітудай 6,0 адбыўся вечарам 31 жніўня і закрануў некалькі горных правінцый на ўсходзе краіны. Найбольш пацярпела правінцыя Кунар, дзе было разбурана каля 8 тысяч дамоў, збудаваных пераважна з гліны і дрэва.

Улады сутыкнуліся з вострай нястачай часовых сховішчаў для людзей, якія засталіся без даху над галавой. Спачатку паведамлялася пра 500 ахвяр, але з часам лічбы значна выраслі.

Місія ААН адзначыла, што ратавальнікі змагаліся з часам, каб прабрацца ў аддаленыя горныя раёны і выратаваць тых, хто апынуўся пад заваламі. Афганістан звярнуўся па дапамогу да іншых краін. Адгукнуліся Кітай, Індыя і Швейцарыя. Вялікабрытанія паабяцала 1 мільён фунтаў стэрлінгаў, але падкрэсліла, што сродкі будуць перададзеныя праз партнёрскія арганізацыі, каб яны не трапілі ў распараджэнне руху «Талібан», які цяпер кіруе краінай.

Сітуацыю ўскладняе тое, што ЗША ў пачатку 2025 года спынілі гуманітарную і фінансавую падтрымку Афганістана. У выніку ў краіне закрылася больш за 420 медыцынскіх устаноў, у тым ліку каля 80 — у рэгіёне, які найбольш пацярпеў ад землятрусу. Гэта прывяло да перагружанасці бальніц па ўсёй краіне.

Гэта ўжо трэці буйны землятрус у Афганістане пасля прыходу да ўлады «Талібана» ў 2021 годзе. Акрамя гэтага, краіна перажывае засуху, недахоп прадуктаў і рост колькасці бежанцаў, якія вяртаюцца з Ірана і Пакістана.

Чытайце таксама:

Землятрус у Афганістане: колькасць ахвяр перавысіла 1100, заходнія краіны гатовы аказаць дапамогу

Не менш за 500 чалавек загінулі ў выніку землятрусу ў Афганістане

Шайгу пахваліў «Талібан» за барацьбу з тэрарыстамі

Каментары да артыкула