Каля Лукашэнкі зноў з'явіўся Усевалад Янчэўскі і паабяцаў перазагрузку ПВТ
Нарада ў Лукашэнкі па развіцці сферы лічбавых знакаў адзначылася новым з'яўленнем у публічным полі былога кіраўніка Парку высокіх тэхналогій Усевалада Янчэўскага. Ён не толькі прысутнічаў на нарадзе, але пасля яе нават даў каментарый БелТА як «кіраўнік кіраўнічай кампаніі Парку высокіх тэхналогій».
Усевалад Янчэўскі. Фота: БелТА
У сваім каментарыі Усевалад Янчэўскі з настальгіяй згадаў пра прыняты ў далёкім 2017 годзе дэкрэт №8, які на той час быў «у многім рэвалюцыйны», і перакінуў масток у сённяшні дзень.
«Зразумела, што за гэты час вельмі многае ў свеце памянялася. І яно змянялася, мяняецца і будзе мяняцца. Прычым тэмп паскарэнняў, хуткасць пастаянна ўзрастаюць. Прыйшоў час для перазагрузкі, і сёння кіраўнік дзяржавы вельмі выразна, ясна, зразумела і вельмі справядліва вызначыў некалькі прыярытэтаў», — сказаў ён.
Паводле слоў Янчэўскага, сёння галоўны прыярытэт — абарона інтарэсаў кожнага грамадзяніна. Ніводзін махляр або сумнеўная структура, маўляў, не павінны мець магчымасць абабраць або ашукаць беларуса.
Але адначасова з гэтым нібыта ствараецца свабодны шлях для прагрэсу, тэхналогій і інавацый, а ўсё, што спрыяе развіццю краіны, падтрымлівацца дзяржавай і асабіста Лукашэнкам. Пры ўкараненні інавацый трэба абапірацца на сусветны досвед, але таксама спрабаваць яго апярэдзіць, каб Беларусь і яе заканадаўства заставаліся прыкладам для іншых краін.
Пры гэтым Усевалад Янчэўскі анансаваў перазагрузку ў працы ПВТ і заявіў, што бачыць для гэтага перадумовы, зноў не забыўшыся зрабіць камплімент Лукашэнку:
«Упэўнены, мы гэта ўбачым. Будзе і перазагрузка Парку высокіх тэхналогій. Некалькі этапаў было ў яго развіцці. Думаю, што вельмі хутка будзе наступны. Пад натхненнем кіраўніка дзяржавы Парк высокіх тэхналогій атрымае вельмі магутнае і цікавае развіццё».
Цяпер 49-гадовы Усевалад Янчэўскі ў 1990-я гады стаяў ля вытокаў цяперашняга БРСМ, у 1997-2001 гадах будучы першым сакратаром ЦК Беларускага патрыятычнага саюза моладзі (так гэта арганізацыя называлася тады). Пасля ён быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, галоўным рэдактарам часопіса «Планета», галоўным ідэолагам адміністрацыі Лукашэнкі.
З 15 сакавіка 2017 года па 2023 год Усевалад Янчэўскі быў дырэктарам адміністрацыі Беларускага парка высокіх тэхналогій, на ягоныя гады кіравання прыпаў як яго росквіт, так і заняпад пасля палітычнага крызісу 2020 года і пачатку вайны ва Украіне ў лютым 2022-га.
Пасля сыходу з пасады кіраўніка ПВТ Янчэўскі адышоў у цень і ўзначаліў юрыдычную асобу ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, якую адкрывалі як фінансавую пракладку для ПВТ. Праз яе збіраліся пераводзіць грошы тых беларускіх ІТ-кампаній і замежных замоўцаў, якія не могуць працаваць наўпрост з Беларуссю пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Чытайце таксама:
Куды сышоў былы кіраўнік ПВТ Янчэўскі?
Што IT-бізнэс думае пра Ганну Рабаву, новую кіраўніцу Парка высокіх тэхналогій?
Кіраўніцтва ПВТ абнавілася цалкам
Як ПВТ пачуваецца ў 2025 годзе: айцішнікаў і грошай больш, але да аднаўлення яшчэ далёка
У Беларусі актыўна будуюць дзяржаўныя майнінгавыя фермы. Яны дапамогуць падняць эканоміку?