БЕЛ Ł РУС

Ці сапраўды перасадка органаў падорыць неўміручасць? Вось што кажа медыцына пра планы Пуціна і Сі

5.09.2025 / 15:59

Nashaniva.com

Падчас ваеннага параду ў Пекіне Уладзімір Пуцін даводзіў кіраўніку Кітая, што можна стаць бессмяротным з дапамогай трансплантацыі органаў. Сі Цзіньпін у сваю чаргу заўважыў, што ўжо ў гэтым стагоддзі чалавек можа дажыць да 150 гадоў. Усё выглядала як сяброўская жартоўная размова, але, магчыма, яны мелі рацыю?

Трансплантацыя органаў, безумоўна, ратуе жыцці. Напрыклад, у Вялікабрытаніі, як піша BBC, за апошнія 30 гадоў такім чынам было выратавана больш за 100 000 чалавек. Дзякуючы развіццю медыцыны, перасаджаныя органы служаць усё даўжэй. Некаторыя пацыенты жывуць з донарскай ныркай больш за 50 гадоў.

Аднак тэрмін службы органа абмежаваны. Нырка ад жывога донара можа працаваць 20—25 гадоў, ад памерлага — 15—20. Для печані гэты тэрмін складае каля 20 гадоў, для сэрца — 15, а для лёгкіх — амаль 10 гадоў.

Галоўныя перашкоды на шляху да «вечнага жыцця»

Ідэя Пуціна, верагодна, прадугледжвае шматразовую перасадку розных органаў. Аднак кожная аперацыя — гэта велізарная рызыка.

Акрамя таго, пацыенты павінны ўсё жыццё прымаць моцныя прэпараты — імунасупрэсанты, якія душаць імунітэт, каб прадухіліць адчужэнне чужога органа. Гэтыя лекі маюць сур'ёзныя пабочныя эфекты, такія як павышаны ціск і ўразлівасць да інфекцый. Нават пры іх прыёме рызыка непрыняцця арганізмам чужога органа застаецца.

Будучыня транспланталогіі: органы на замову

Навукоўцы ўжо працуюць над стварэннем органаў, якія не будуць выклікаць адхіленне.

Адзін з кірункаў — ксенатрансплантацыя, то-бок перасадка органаў ад генетычна мадыфікаваных жывёл, напрыклад, свіней.

З дапамогай тэхналогіі рэдагавання генаў CRISPR навукоўцы выдаляюць свіныя гены і дадаюць чалавечыя, каб зрабіць орган больш сумяшчальным.

Такія аперацыі (перасадкі сэрца і ныркі) ужо праводзіліся, але пакуль носяць эксперыментальны характар, і пацыенты, якія сталі піянерамі ў гэтай галіне, пражылі нядоўга.

Іншы шлях — вырошчванне новых органаў з уласных ствалавых клетак чалавека. Ствалавыя клеткі здольныя ператварацца ў любы тып тканкі.

Хоць пакуль нікому не ўдалося стварыць поўнафункцыянальны орган для перасадкі, навукоўцы набліжаюцца да гэтай мэты.

Напрыклад, у 2020 годзе ў Вялікабрытаніі даследчыкам удалося аднавіць чалавечы тымус (па-іншаму — вілачкавая залоза, орган імуннай сістэмы) і паспяхова перасадзілі яго мышам. Таксама вядомыя поспехі ў вырошчванні фрагментаў кішэчніка, што ў перспектыве можа адкрыць шлях да індывідуальных трансплантацый дзецям з цяжкімі хваробамі кішэчніка.

Але гэтыя дасягненні прызначаны для лячэння хворых, а не для таго, каб падтрымліваць жыццё людзей да 150 гадоў.

Дзе мяжа чалавечага жыцця?

Нягледзячы на гэтыя дасягненні, навукоўцы застаюцца скептычнымі адносна ідэі «бессмяротнасці».

Некаторыя эксперыментальныя падыходы, як замена плазмы крыві, не далі чаканага выніку.

Напрыклад, амерыканскі прадпрымальнік Браян Джонсан марнаваў мільёны на зніжэнне «біялагічнага ўзросту», у тым ліку атрымліваў плазму свайго 17-гадовага сына, але адмовіўся ад гэтага пасля адсутнасці вынікаў і крытыкі з боку медычных органаў.

Прафесар Ніл Мабат з Эдынбургскага ўніверсітэта мяркуе, што верхняя мяжа чалавечага жыцця, хутчэй за ўсё, складае каля 125 гадоў. Рэкардсменкай застаецца францужанка Жанна Кальман, якая пражыла 122 гады.

Галоўная праблема не ў асобных органах, якія можна замяніць, а ў агульным старэнні арганізма. З узростам цела становіцца значна менш устойлівым да фізічных нагрузак. Мы горш рэагуем на інфекцыі, а нашы целы становяцца больш кволымі, схільнымі да траўмаў і менш здольнымі да аднаўлення.

Як тлумачыць Мабат, для пацыентаў сталага ўзросту стрэс ад аперацый па перасадцы органаў і неабходнасці прыёму імунасупрэсантаў могуць быць занадта цяжкімі.

Ён лічыць, што замест таго, каб засяроджвацца на падаўжэнні жыцця любой цаной, чалавецтву варта імкнуцца да павелічэння колькасці здаровых і паўнавартасных гадоў жыцця. Як кажа навуковец:

«Жыць нашмат даўжэй, але пры гэтым пакутаваць ад шматлікіх хвароб і пастаянна трапляць у бальніцу дзеля чарговай трансплантацыі — гэта не зусім прывабны спосаб правесці пенсію!»

Чытайце таксама:

Навукоўцы: У канцы 21 стагоддзя людзі, магчыма, будуць жыць да 130 гадоў

Дажыць да 120 можа стаць магчымай перспектывай

Памерла Тэкля Юневіч — найстарэйшы чалавек нашага рэгіёна за ўсю гісторыю

Галоўны трансплантолаг краіны паскардзіўся на беларусаў — жывыя не хочуць аддаваць свае органы

Каментары да артыкула