БЕЛ Ł РУС

У ЗША арыштавалі беларуса Артура Сянько, які заяўляе, што на радзіме яму пагражае палітычны пераслед

5.09.2025 / 12:49

Nashaniva.com

36-гадовы Артур Сянько быў затрыманы іміграцыйнай паліцыяй (ICE) 15 жніўня і змешчаны ў турму. Аб гэтым Reform.news распавёў яго сябар.

Беларус знаходзіўся на тэрыторыі ЗША легальна. 26 жніўня 2021 года Артур Сянько прыбыў у пункт пропуску ў Otay Mesa Port of Entry, штат Каліфорнія, дзе заявіў пра боязь пераследу і папрасіў палітычнага прытулку.

Такую працэдуру прадугледжвае Закон аб іміграцыі і грамадзянстве. Сянько мінімум з 2022 года знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку па палітычным артыкуле 369 КК РБ — абразы прадстаўніка ўлады.

Праз два дні пасля прыбыцця ў ЗША ён быў вызвалены да далейшага разгляду без прызначэння суду. Пасля гэтага ён падаў пісьмовую заяву аб прадастаўленні палітычнага прытулку, а на працягу ўсяго часу знаходжання ў ЗША супрацоўнічаў з іміграцыйнымі органамі, даваў кантактныя даныя і інфармацыю аб месцы свайго знаходжання.

15 жніўня 2025 года яго выклікалі позвай у прадстаўніцтва Дэпартамента ўнутранай бяспекі ЗША (U.S. Department of Homeland Security) у Нью‑Ёрку.

Артур Сянько прыехаў туды з адвакатам. Довады адваката аб яго законным знаходжанні ў ЗША як просьбіта прытулку не былі прынятыя.

Іміграцыйныя афіцэры адмовіліся разглядаць дакументы. Артуру Сянько надзелі кайданкі і адвезлі ў ізалятар. У дадатак супрацоўнікі міграцыйнай службы прапанавалі яму падпісаць дакумент, што дата, месца і абставіны яго прыбыцця ў ЗША невядомыя, ад чаго ён адмовіўся, бо гэта супярэчыць рэальнасці.

Судовыя слуханні па справе Артура Сянько былі прызначаныя на 20 і 27 жніўня, але не адбыліся з-за яго перамяшчэнняў па ізалятарах, не адбылося таксама слуханне 3 верасня.

Чарговае слуханне прызначана на 10 верасня. Беларус баіцца, што ў выніку яго дэпартуюць, бо ён цяпер у выпраўленчым цэнтры штата Нью‑Мексіка, дзе асуджаныя амаль не атрымліваюць станоўчых рашэнняў па справах аб дэпартацыі.

Таксама ў беларуса выклікае трывогу асоба суддзі. Паводле яго адваката, суддзя Сэмюэль Уільямс, які пачаў працаваць толькі ў 2024 годзе, практычна не выносіць рашэнняў у карысць просбітаў прытулку.

«Я вельмі ўдзячны прэзідэнту Трампу і адміністрацыі Белага дома за вызваленне 14 палітычных зняволеных у Беларусі. Гэта сапраўдны цуд! Прэзідэнт Трамп працуе над вызваленнем палітычных зняволеных у Беларусі і неаднаразова заявіў аб неабходнасці вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Але ў той жа час дэпартацыя такіх людзей, як Артур Сянько, толькі папоўніць спісы палітычных зняволеных у Беларусі.

Дабівацца вызвалення людзей у Беларусі, а потым арыштаваць іх у ЗША і адправіць на расправу маньяку назад у Беларусь, каб потым зноў змагацца за іх вызваленне?! Гэта вельмі дзіўная практыка», — пракаментаваў сітуацыю сябар і бізнэс-партнёр Артура Сянько, які пажадаў застацца неназваным (кантактныя дадзеныя ёсць у рэдакцыі Reform.news).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула