Міларад Додзік прыгразіў абвясціць незалежнасць Рэспублікі Сербскай
Міларад Додзік пагражае абвяшчэннем Рэспублікі Сербскай, якая ўваходзіць у склад Босніі і Герцагавіны. Пра гэта ён напісаў у Х пасля сустрэчы з міністрам замежных спраў Венгрыі Петэрам Сіяртам.
Alexandr Kryazhev/RIA Novosti/Pool/Anadolu via Getty Images
Додзік падзякаваў Сіярту за візіт. Ён адзначыў, што абмяркоўваў з венгерскім міністрам дзеянні Вярхоўнага прадстаўніка па Босніі і Герцагавіне Крысціяна Шмідта. Паводле меркавання Додзіка, Боснія і Герцагавіна ў сучасным выглядзе была нежыццяздольная.
«Рэспубліка Сербская — удзельніца Дэйтанскага пагаднення, якое мы абараняем гадамі. Адміністрацыі Бруселя і Байдэна разбуралі Дэйтанскае пагадненне. Яны спрабуюць скінуць дэмакратычна абраных лідараў праз суды», — напісаў Додзік.
Нагадаем, у лютым 2025 года суд прысудзіў Додзіку год пазбаўлення волі. Яму таксама забаронена займаць пасаду прэзідэнта на тэрмін шэсць гадоў. Додзіка прызналі вінаватым у невыкананні рашэнняў Вярхоўнага прадстаўніка па БіГ. У пачатку жніўня ЦВК Босніі і Герцагавіны спыніла прэзідэнцкі мандат Додзіка.
Рэспубліка Сербская (пазначана чырвоным) у складзе Босніі і Герцагавіны. Яе тэрыторыя 24 тысячы квадратных кіламетраў (тэрыторыя Босніі — 51 тысяча квадратных кіламетраў), а насельніцтва 1,153 млн (насельніцтва Босніі — 3,5 млн). Wikimedia Commons