Міністэрства інфармацыі падпісала пагадненне з БПЦ. Будуць разам змагацца са знешнімі ўплывамі на духоўнасць
3 верасня Міністэрства інфармацыі Беларусі і Беларуская праваслаўная царква падпісалі абноўленае пагадненне аб супрацоўніцтве. Дакумент зацвердзілі міністр Марат Маркаў і патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін.
Мітрапаліт Веніямін і Марат Маркаў. Фота: Church.by
Асноўнымі мэтамі пагаднення заяўляюцца сумеснае выхаванне моладзі праз сродкі масавай інфармацыі, супрацьдзеянне ўплыву замежных выданняў, якія, на думку ўладаў і царквы, могуць несці шкодныя ідэі, а таксама падтрымка кніг, «насычаных духоўным сэнсам» і адпаведных каштоўнасцям, якія культывуюцца ў беларускім грамадстве.
Мітрапаліт Веніямін адзначыў, што фарматы супрацоўніцтва змяніліся, таму і ўзнікла патрэба ў новым дакуменце. Паводле яго, праца разам дазволіць больш эфектыўна супрацьдзейнічаць «негатыўнай працы, якая часам можа весціся праз тыя выданні, якія прыходзяць звонку».
Міністр інфармацыі Марат Маркаў заявіў, што ў Беларусі выдаецца шмат кніг, але яшчэ больш прыходзіць з-за мяжы. Частка з іх, паводле яго слоў, не адпавядае нацыянальным каштоўнасцям і нават прапагандуе тое, «чаму не павінна быць месца ў Беларусі».
У новай рэдакцыі пагаднення прапісалі, што маніторынгам кніжнай прадукцыі Міністэрства інфармацыі будзе надалей займацца сумесна з БПЦ, а не толькі з Саюзам пісьменнікаў. Маркаў дадаў, што калі беларускае грамадства само не будзе ствараць патрэбныя яму кнігі і каштоўнасці, гэта за яго зробяць іншыя.
Ён падкрэсліў:
«Больш за тое, калі знікне інтэрнэт, застанецца толькі напісанае слова, і гэтаму слову будуць верыць. Для нас вельмі важна, каб гэта напісанае слова было каштоўным для нас, духоўным».
Чытайце таксама:
Ва Украіне падалі пазоў у суд аб ліквідацыі Кіеўскай мітраполіі УПЦ Маскоўскага патрыярхату
Праваслаўны архіепіскап, які вітаў Пуціна на Алясцы, папрасіў за гэта прабачэння
У праваслаўным храме Ніжняга Ноўгарада здымалі гей-порна. У ім маглі ўдзельнічаць семінарысты