БЕЛ Ł РУС

Работнікі школьнай сталовай у Мазыры замянялі інгрэдыенты і змяншалі порцыі

3.09.2025 / 13:26

Nashaniva.com

Суд вынес вырак па справе аб крадзяжы прадуктаў са школьнай сталовай у Мазыры. Фігурантамі сталі загадчыца вытворчасці сталовай і двое яе падначаленых.

Схема працавала з верасня мінулага года па сакавік 2025-га. Загадчыца сказала работнікам выкарыстоўваць для страў менш прадуктаў, чым належыць, замяняць адныя інгрэдыенты іншымі і памяншаць вагу школьных порцый. Зэканомленыя такім чынам прадукты трое работнікаў дзялілі паміж сабой.

Агульная сума шкоды склала 750 рублёў 18 капеек.

Каб схаваць недахоп, загадчыца ўносіла ў справаздачы недакладныя звесткі.

Суд Мазырскага раёна прызнаў усіх траіх вінаватымі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учыненым групай асобаў.

Загадчыцы прызначылі 3 гады пазбаўлення волі са штрафам у 150 базавых велічынь (6300 рублёў) і забаронай займаць кіраўнічыя пасады 5 гадоў. Двум яе падначаленым — па 2 гады пазбаўлення волі і штраф па 70 базавых велічынь (па 2940 рублёў). Пры гэтым у турму яны не адправіліся, суд прымяніў адтэрміноўку выканання пакарання.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула