БЕЛ Ł РУС

«Мне нават здаецца, што Франак зусім не спіць». Новая асабістая памочніца Ціханоўскай расказала пра сваю працу ў Офісе

2.09.2025 / 21:43

Nashaniva.com

У інтэрв'ю «Люстэрку» пісьменніца Ганна Златкоўская, якая нядаўна стала новай асабістай памочніцай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай, расказала, што больш за ўсё ўразіла ў працы палітыкаў, калі яна ўбачыла яе знутры.

Ганна Златкоўская, пісьменніца і асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільня, 2025 год. Фота: асабісты архіў

— Ваша папярэдніца Станіслава Гліннік у інтэрв'ю «Люстэрку» казала, што праца асабістай памочніцы Ціханоўскай практычна кругласутачная. Што для вас стала самым вялікім выклікам ці сюрпрызам на гэтай пасадзе?

— Калі я даведалася, чым буду займацца, Стася пачала мяне вучыць. Яшчэ да майго першага працоўнага дня я прыходзіла ў Офіс, калі яна была вольная. Стася выкройвала для мяне гадзіну ці дзве, натуральна, яшчэ паралельна ўсё роўна чымсьці займалася. І я была ўражаная тым, як шмат працы, якую колькасць нюансаў трэба ведаць. І ўсё гэта робіць адзін чалавек. І мне ў нейкі момант здалося, што гэта нерэальна, я не адолею.

Я досыць трывожны чалавек і вельмі перажывала. Але гэта быў для мяне выклік, і я падумала, што ўсё ж мушу перамагчы страх, а яшчэ — што гэта будзе новы цікавы досвед. Яшчэ прыемным здзіўленнем стала тое, што Офіс аказаўся настолькі выразнай і сур’ёзнай структурай. Бо на адлегласці не бачыш усіх працэсаў і не ўсведамляеш усіх нюансаў і складанасці. Аказаўшыся ўнутры, была ўражаная, наколькі ўсё адрэгуляванае. І нягледзячы на гэта — калегі адразу ахінаюць падтрымкай, прапаноўваючы сваю дапамогу ў любых пытаннях, разумеюць, што пачаткоўцу заўсёды складана.

— Вы займаецеся толькі арганізацыяй графіка ці супрацоўнікі Офіса звяртаюцца да вашага пісьменніцкага досведу, каб адрэдагаваць тэксты выступаў, просяць падказаць фармулёўкі?

— У нас камандная праца. Франак Вячорка часам кажа мне: «Давай, уключайся. Тут трэба больш чалавечнасці, душэўнасці». Мы разам усё дапрацоўваем, нешта можам абмяркоўваць і ўносіць прапановы. Калі я магу дапамагчы, то падказваю. Гэта вітаецца, бо ўсе працуюць на адну справу і на вынік.

— Адзін з самых прыкметных супрацоўнікаў Офіса — старшы дарадца Святланы Франак Вячорка. Як з ім складваюцца адносіны, які ён у працы?

— Я максімальна ўражаная яго эмпатыяй. Часам гляджу і думаю: «Божа, у чалавека такі напружаны графік, у яго няма ні секунды наогул вольнага часу». Мне нават здаецца, што Франак зусім не спіць. І, нягледзячы на гэта, ён ніколі не зрываецца.

У нас быў момант у працы на канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні. Гэта былі вельмі напружаныя тры дні, якія сталі для мяне цяжкім выклікам. У нейкі момант я пачала проста рассыпацца. Рабіла памылку за памылкай, праз што ў мяне ўключылася самабічаванне, рэжым дзіцяці, гатовая была расплакацца… Я паспрабавала апраўдацца перад Франакам. І мне здаецца, што адзіная правільная рэакцыя на мае паводзіны — фыркнуць, паставіць на месца. Але Франак гаварыў са мной вельмі мякка і тактоўна.

Потым я яму напісала: «Прабач, я паводзілася непрафесійна, гэта для мяне пакуль стрэсавая сітуацыя, я зрабіла свае высновы, выправіла ўсе памылкі». На што ён мне адказаў: «Ты малайчынка. Ты ўсё зрабіла правільна, на гэта патрэбен вопыт, усё будзе добра». Хоць гэта праўда была мая памылка і мой касяк. Вось такой камунікацыі трэба павучыцца лукашэнкаўскім палітыкам і чыноўнікам: замест крыку і пыхі — максімум чуласці і ўвагі.

— Не баіцеся, што праз працу з палітычнай павесткай адгадуеце браню, якая сапсуе ваш пісьменніцкі стыль?

— Не, не баюся. Сустракаючы цяпер па працы еўрапейскіх палітыкаў, я бачу перад сабой абсалютна іншых людзей, якія адрозніваюцца ад чыноўнікаў лукашэнкаўскай сістэмы. Яны вельмі эмпатычныя, усмешлівыя, ветлівыя, не паводзяцца напышліва, у іх няма фанабэрыстасці. Гавораць нармальнай чалавечай мовай. Няма ў гэтай працы ніякага канцылярыту. Гэта такая даўно састарэлая форма зносін.

Чытайце таксама:

«Не ныйце! Вазьміце нейкую работу на сябе». Франак Вячорка жорстка адказаў Кныровічу

Таццяна Шчытцова пакінула каманду Святланы Ціханоўскай

Франак Вячорка пра Вусава: Гэта нездаровая крытыка, у яго фіксацыя на Офісе Ціханоўскай

Каментары да артыкула