У мінскіх парках з'явяцца некалькі новых атракцыёнаў
Нягледзячы на заканчэнне летніх канікул, сезон забаў на атракцыёнах у парках культуры і адпачынку сталіцы працягваецца. Два новыя атракцыёны з'явяцца ў мінскіх парках ужо ў верасні гэтага года, паведаміў журналістам намеснік гендырэктара — галоўны інжынер УП «Мінскзяленбуд» Руслан Касевіч.
Фота ілюстрацыйнае
«Гэта атракцыён «Мікс» у парку імя Чалюскінцаў і атракцыён «Пажарная каманда» ў Цэнтральным парку імя Горкага. Я думаю, што ў верасні будзе пастаўка, і мы пачнем працаваць па мантажы гэтых атракцыёнаў», — растлумачыў ён.
Усяго ў Мінску, паводле слоў Руслана Касевіча, цяпер ёсць 59 атракцыёнаў, у тым ліку 26 — у парку Горкага, 14 — у парку Чалюскінцаў, 11 — у парку Уга Чавеса і 9 — у парку 900-годдзя Мінска.
Пры гэтым у 2025 годзе спісаныя два састарэлыя атракцыёны: «Лебедзі» (парк Чалюскінцаў) і «Вальс» (парк Горкага). У гэтыя паркі неўзабаве паставяць такія ж новыя атракцыёны. Закуплены і новы «Цмок» у парк Горкага.
У будучыні мінчукоў і гасцей сталіцы хочуць парадаваць таксама «Ладдзёй» і «Матацыкламі». Гэтыя атракцыёны, верагодна, закупяць у пачатку 2026 года.
Сезон працы атракцыёнаў ва ўсіх чатырох парках культуры і адпачынку сталіцы працягнецца да канца верасня. Але яго могуць і падоўжыць, калі гэта дазволяць ўмовы надвор'я.
Чытайце таксама:
У Нясвіжы двухгадовы хлопчык упаў уніз галавой з атракцыёна
У парку Чалюскінцаў запрацаваў новы экстрэмальны атракцыён
У парку Чалюскінцаў з’явіцца «Вежа свабоднага падзення»
Не толькі легендарны «Супер 8». Якія яшчэ атракцыёны не будуць працаваць у Мінску ў гэтым сезоне