БЕЛ Ł РУС

Прадаюць калекцыю, канфіскаваную ў Бабарыкі. А што стала з творамі, якія канфіскоўвалі нацысты?

2.09.2025 / 19:33

Nashaniva.com

Рэпрэсіўныя рэжымы канфіскоўвалі творы мастацтва ў сваіх ахвяр, прыкрываючыся законамі, а цяпер дзяржавам і калекцыянерам даводзіцца вяртаць шэдэўры іх сапраўдным уласнікам. Сёння ўлады ў Мінску расклалі тыя ж граблі, распрадаючы прыватную калекцыю Бабарыкаў. Па выніках аўкцыёну творы, найхутчэй, вывезуць у Расію. Ці будзе шанец у будучыні іх вярнуць?

Марыя Альтман і знакаміты партрэт яе цёткі Адэлі работы Густава Клімта. Фота: static.dramastyle.com

«Нічыйнае» дабро

У часы нацысцкай Германіі рабаванне мастацтва стала часткай агульнай палітыкі пераследу. Да пачатку Другой сусветнай вайны найперш пацярпелі яўрэйскія калекцыянеры і гандляры: іхнія творы канфіскоўвалі, а ў выпадках, калі яны спрабавалі атрымаць дазвол на эміграцыю, прымушалі прадаваць маёмасць за капейкі.

Адольф Гітлер на выстаўцы «Дэгенератыўнае мастацтва», 1937 год. Канфіскаваныя творы мастакоў не толькі прадаваліся за мяжу, частка з іх трапляла таксама ў прыватныя калекцыі нацыстаў. Фота: jewishnews.timesofisrael.com

Так званыя «прымусовыя продажы» сталі звыклай практыкай: улады ўводзілі падаткі кшталту «падатку на ўцёкі з Рэйха», забіралі каштоўнасці і адначасова афармлялі гэта як «законныя» здзелкі. 

Па ацэнках, у 1933—1945 гадах у Германіі, Аўстрыі і акупаванай Еўропе было скрадзена каля 600 тысяч толькі твораў мастацтва, у тым ліку шэдэўры Манэ, Маціса ці Клімта. Яны траплялі ў прыватныя калекцыі кіраўнікоў рэйха, у дзяржаўныя музеі і на арт-рынак, а вялікія партыі складзіраваліся ў спецыяльных сховішчах.

Вярхоўны галоўнакамандуючы арміі ЗША Дуайт Эйзенхаўэр аглядае скрадзеныя нацыстамі творы мастацтва ў адным са сховішчаў, уладкаваным у саляной шахце ў Меркерсе. Фота: Wikimedia Commons

Пасля вайны саюзнікі адшукалі каля 5 мільёнаў культурных каштоўнасцяў у 1500 сховішчах і пачалі вяртанне. Але рэстытуцыя была складанай, бо прыватныя калекцыі — уласнасць забітых, дэпартаваных, вымушаных эміграваць — а таму часта заставаліся ў няпэўным прававым статусе.

Карціны і скульптуры з прыватных калекцый траплялі ў дзяржаўныя музеі і на мастацкія аўкцыёны, дзе іх паходжанне не заўсёды хацелі ўдакладняць, перапрадаваліся па некалькі разоў, яшчэ больш заблытваючы іх правенанс.

Нават сёння, праз 80 гадоў пасля заканчэння вайны, яшчэ дзясяткі тысяч твораў мастацтва маюць нявысветленае паходжанне.

Новы падыход

Кардынальны паварот у пытанні вяртання прыватных калекцый адбыўся толькі праз паўстагоддзя пасля вайны. У 1998 годзе 44 краіны, у тым ліку Германія і Аўстрыя, падпісалі Вашынгтонскія прынцыпы: краіны былі абавязаныя адкрываць архівы, даследаваць паходжанне, публікаваць вынікі гэтых даследаванняў і шукаць «справядлівыя і роўныя рашэнні» ў дачыненні да такіх твораў мастацтва. У 2009-м у Чэхіі была прынятая Тэрэзінская дэкларацыя, якая пашырыла абавязкі і ўключала ўжо і страчаную нерухомасць ды захаванне памяці пра Халакост. 

«Нацюрморт» работы французскага мастака-кубіста Альбера Глеза быў канфіскаваны нацыстамі ў 1937 годзе і ад таго часу лічыцца зніклым. Фота: Wikimedia Commons

З 1990-х гадоў спадчыннікі рэпрэсаваных нацыстамі актыўна ўключыліся ў барацьбу за спадчыну сваіх сваякоў і аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Найбольш вядомай з’яўляецца гісторыя Марыі Альтман, чые прэтэнзіі на «нацыянальны здабытак» Аўстрыі скаланулі краіну і сусветны рынак мастацтва, даўшы надзею іншым спадчыннікам ахвяр нацыстаў. 

 «Залатая Адэль»

Марыя нарадзілася ў Вене ў заможнай яўрэйскай сям’і Блох-Баўэраў. Яе цётка, Адэль Блох-Баўэр, была адной з галоўных муз мастака Густава Клімта. Менавіта яна пазіравала мастаку для «Партрэта Адэлі Блох-Баўэр I» — карціны, вядомай сёння як «Залатая Адэль». У доме сям’і захоўваліся і іншыя працы Клімта — «Партрэт Адэлі II», «Бярозавы гай», «Яблыня I», «Дамы ў Унтэраху на Атэрзэ».

«Партрэт Адэлі Блох-Баўэр I». Гісторыя вяртання спадчынніцы яўрэйскага прамыслоўца, вымушанага бегчы з краіны ад нацыстаў, калекцыі карцін Густава Клімта стала яскравым сімвалам аднаўлення гістарычнай справядлівасці. Фота: Wikimedia Commons

У 1938 годзе, пасля аншлюсу Аўстрыі, нацысты канфіскавалі ўсю маёмасць Блох-Баўэраў разам з калекцыяй карцін Клімта. Фердынанд Блох-Баўэр, прамысловец і муж Адэлі, уцёк і памёр у эміграцыі ў 1945 годзе. Карціны трапілі ў аўстрыйскую галерэю Бельведэр, дзе яны лічыліся «нацыянальнай спадчынай». Паводле афіцыйнай версіі іх дзяржаве быццам бы адпісала Адэль.

«Бярозавы гай» пэндзля Густава Клімта. Фота: Wikimedia Commons

Але ў канцы 1990-х журналіст Губертус Чэрнін у архівах знайшоў дакументы, якія паказвалі іншае: уладальнікам карцін быў муж Адэлі, і ён пакінуў усё спадчыннікам — дзецям свайго брата. Аўстрыйская дзяржава, такім чынам, не мела законных правоў на карціны.

Суд, які змяніў правілы гульні

Марыя Альтман, якая з мужам збегла ад нацыстаў і жыла ў Лос-Анджэлесе, спачатку спрабавала дамагчыся справядлівасці ў Аўстрыі, але судовыя зборы былі непад’ёмнымі — за тое, што належала ёй па праве, яна мусіла заплаціць $1,5 млн. У 2000 годзе жанчына падала іск у ЗША супраць Аўстрыі. Гэтая гучная справа дайшла да Вярхоўнага суда ЗША, які ў 2004 годзе пастанавіў, што дзяржавы не абароненыя імунітэтам, калі гаворка ідзе пра маёмасць, скрадзеную з парушэннем міжнароднага права. Гэтае рашэнне мела гістарычнае значэнне і адкрыла шлях для многіх іншых пазоваў.

Развітанне з незаконна набытымі шэдэўрамі Клімта стала нацыянальнай трагедыяй для Аўстрыі. Фота: Wikimedia Commons

У выніку ў 2006-м арбітраж у Вене пастанавіў: усе пяць карцін Клімта трэба вярнуць спадчынніцы Альтман. Для Аўстрыі, якая ўспрымала карціны як нацыянальны здабытак, рашэнне суда стала шокам. Іх кошт ацэньваўся прыкладна ў 300 мільёнаў даляраў, які аказаўся непад’ёмным для Аўстрыі. У выніку Альтман распрадала на аўкцыёнах прыватным калекцыянерам творы Клімта, якія яшчэ нядаўна ўпрыгожвалі музей у Вене. «Залатую Адэль» купілі за рэкодную для таго часу цану для жывапісу — $135 мільёнаў. 

Спадчынніца Блох-Баўэраў паказала, што яна мае права распараджацца сваёй маёмасцю па ўласным разуменні.

Паслядоўнікі 

Гісторыя Альтман стала маральна-прававым сімвалам: пасля яго іншыя краіны пачалі больш актыўна пераглядаць свае калекцыі, вышукваючы творы з сумнеўным паходжаннем. У 2001 годзе ў Нідэрландах вярнулі спадчынніцы Жака Гаўдстыкера, яўрэя-антыквара, які ўцёк з краіны, калі на яе напалі нацысты, сотні работ з яго калекцыі. У 2013 годзе ў Германіі выбухнула гісторыя кватэры Гурліта, спадчынніка гандляра канфіскаваным мастацтвам, у якой было каля 1500 твораў невядомага паходжання, частка з якіх выстаўлялася на легендарнай «выстаўцы дэгенератыўнага мастацтва» ў 1937 годзе. 

«Супрэматычная кампазіцыя» работы Казіміра Малевіча. Фота: Wikimedia Commons

Знакавым і неадназначным прыкладам з’яўляецца і вяртанне спадчыннікам Казіміра Малевіча яго карціны «Супрэматычная кампазіцыя», якую ён пакінуў у Берліне пасля выставы 1927 года і перадаў на захаванне архітэктару Гуга Герынгу, які пазней вывез карціну з Германіі, каб уратаваць ад нацыстаў. Але ў 2000-я гады спадчыннікі мастака дамагліся праз суд вяртання гэтай і іншых карцін, якія аселі ў заходніх музеях, як твораў, страчаных у выніку пераследу.

За апошнія дзесяцігоддзі ў Заходняй Еўропе вядомыя дзясяткі выпадкаў, калі творы мастацтва, скрадзеныя нацыстамі паводле ўсталяванага нацыстамі рэпрэсіўнага заканадаўства, былі вернутыя іх законным уладальнікам.

Арыштаваныя карціны з калекцыі Віктара Бабарыкі, выстаўленыя на аўкцыён. Калаж з фота з сайта e-auction.by

Цяпер ужо і беларускія ўлады распрадаюць маёмасць бязвінна рэпрэсаваных. Сімвалічны прыклад — нядаўна выстаўленыя на аўкцыён 19 твораў з калекцыі Віктара Бабарыкі. Яшчэ ў 2020-м беларусаў палохалі, што набытую «Белгазпрамбанкам» калекцыю беларускіх мастакоў рыхтуюць да вывазу ў Расію.

А сёння ўсё адбываецца наадварот: улады самі выстаўляюць творы мастацтва на аўкцыён, дзе фактычна адзінымі купцамі могуць быць толькі калекцыянеры з Расіі, якія не грэбуюць крадзеным. Бо для ўсяго астатняга свету яны — таксічныя і стратныя: скрадзенае ўсё адно давядзецца вяртаць.

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула