БЕЛ Ł РУС

У Мінску мужчына скраў з касцёла мікрафоны дзеля куфля піва. А потым вярнуў іх — але ў іншы касцёл.

2.09.2025 / 14:59

Nashaniva.com

Злодзей прадставіўся турыстам з Расіі.

Фота: Яндэкс Карты

Жыхар Мінскага раёна быў нападпітку і яму захацелася купіць яшчэ куфаль піва. Грошай асабліва не было, таму 46-гадовы мужчына вырашыў нешта скрасці. У гэты момант ён якраз праходзіў міма касцёла святога Яна Евангеліста на Матусевіча.

Не доўга думаючы, мужчына разбіў акно, прабраўся ў касцёл і скраў кейс з мікрафонамі на тысячу рублёў, піша «Мінск-Навіны».

На наступны дзень мужчына працверазеў і вырашыў мікрафоны вярнуць. Але, як ён сцвярджае, спалохаўся — у касцёле было занадта шмат людзей. 

Праз некалькі дзён ён усё ж змог вярнуць скрадзенае. Але не ў той касцёл. Мужчына прыйшоў у парафію Божага Цела на Герасіменкі і аддаў мікрафоны ксяндзу ў якасці ахвяравання. Жыхар Мінскага раёна прадставіўся турыстам з Санкт-Пецярбурга.

Тым не менш хутка злодзея знайшлі і затрымалі. Аказалася, раней яго ўжо асудзілі за крадзеж. У выніку суд прызначыў яму 2 гады выпраўленчых прац. Увесь гэты час у яго будуць штомесячна спісваць 20% заробку, але не менш за базавую велічыню.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула