«Атмасфера камерная». У Вільні праходзіць Тыдзень беларускай культуры
З 1 па 7 верасня Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча запрашае жыхароў і гасцей Вільні на Тыдзень беларускай культуры.
Гэта серыя падзей, якія аб’ядноўваюць літаратуру, мастацтва, музыку і сучасную творчасць. Музей рыхтуе цёплы і поўны натхнення тыдзень сустрэч, размоваў і адкрыццяў. Вы зможаце паглыбіцца ў беларускую культуру праз адмысловую выставу, майстар-класы, канцэрт і інтарактыўныя фарматы.
Праграма мае актыўнасці як для дарослых, так і для дзяцей.
Праграма Тыдня:
Увесь тыдзень
Выстава «Літаратурны мапінг Вільні і Менска».
Імерсіўная інтарактыўная прастора, якая злучае два гарады праз жыццё і творчасць беларускіх літаратараў. Вас чакаюць адмысловыя мапы, «вакенцы» з гісторыямі і фотаздымкамі, інтарактывы для дзяцей і дарослых.
1 верасня, панядзелак
Афіцыйнае адкрыццё Тыдня і выставы.
2 верасня, аўторак
Пачатак у 18:30.
Філасофскі салон «Беларусь сёння»
Вечар па ўзоры літаратурных салонаў XIX стагоддзя — дыскусіі, эсэ і развагі беларускіх мысляроў пра ідэнтычнасць і культуру. Атмасфера камерная, з музыкай і філіжанкай кавы.
Творчы дзіцячы майстар-клас «Мая краіна мары — Беларусь».
Творчая праграма для дзяцей, дзе яны праз малюнак і аповед ствараюць візію Беларусі сваіх мараў.
Пачатак у 17:30.
3 верасня, серада
Пачатак а 18:00.
Творчы майстар-клас для дарослых «Маё імя ў трох алфавітах».
Спалучэнне мовы, гісторыі і мастацтва: удзельнікі вывучаюць беларускую кірыліцу, лацініцу і арабіцу, а потым ствараюць асабісты мастацкі артэфакт з уласным імем.
4 верасня, чацвер
Імерсіўная прастора «Мой дом там, дзе сэрца».
Частка 1: імерсіўная. 18:00 — 19:00
Сэнсарная прастора пра ўтульнасць, памяць і родны кут, дзе літаратурныя вобразы сплятаюцца з асабістымі ўспамінамі.
Частка 2: крэатыўная: 19:00 — 20:00
Творчы майстар-клас для дарослых «Тут я пачуваюся дома».
Творчая праца з візуальнымі і тэкставымі вобразамі ў атмасферы спакою і натхнення.
6 верасня, субота
Пачатак а 18:00.
Канцэрт для флейты і фартэпіяна «Гукі, што засталіся»
Камерны вечар беларускай і еўрапейскай класічнай музыкі ў музейнай зале пры святле свечак і водары гарбаты.
7 верасня, нядзеля
14:00 — 20:00.
Дзень адчыненых дзвярэй
Можна наведаць музей, пагутарыць з камандай і пагутарыць пра планы на будучыню, а таксама пра выклікі, з якімі змагаецца музей.
Уваход на ўсе імпрэзы вольны. Данаты на падтрымку музея і культурніцкіх праектаў вітаюцца.
Фестываль адбываецца пры падтрымцы Дэпартамента нацыянальных меншасцяў пры Літоўскім урадзе.