БЕЛ Ł РУС

Маленькай краіне пашанцавала з назвай. Як востраў у Карыбскім моры зарабляе мільёны на даменным імені

1.09.2025 / 21:52

Nashaniva.com

У 1980-я гады, калі толькі пачынаўся інтэрнэт, кожная краіна атрымала свой дамен верхняга ўзроўню: ЗША —.us, Вялікабрытанія —.uk, а невялікай тэрыторыі Ангілья ў Карыбскім моры дасталося пашырэнне.ai. Тады гэта выглядала як выпадковасць, але цяпер, калі ва ўсім свеце бурна развіваецца штучны інтэлект (AI), гэта стала сапраўднай залатой жылай, піша Бі-бі-сі.

Ангілья — брытанская заморская тэрыторыя, вядомая сваімі чыстымі пляжамі. Фота: Wikimedia Commons

Цяпер тысячы кампаній і прыватных асоб купляюць ва ўладаў Ангільі дамены з канчаткам.ai. Так, амерыканскі прадпрымальнік Дхармеш Шах нядаўна заплаціў каля 700 тысяч долараў за адрас you.ai. Усяго за некалькі гадоў колькасць зарэгістраваных.ai-сайтаў павялічылася з менш чым 50 тысяч да больш чым 850 тысяч.

У 2024 годзе продаж такіх адрасоў прынёс Ангільі 39 мільёнаў даляраў ЗША — гэта амаль чвэрць усіх бюджэтных даходаў. У 2025 годзе ўлады чакаюць рост даходаў ад даменаў да 132 мільёнаў усходнекарыбскіх даляраў (каля 48,9 мільёна даляраў ЗША), а ў 2026-м — да 138 мільёнаў (51,1 мільёна). Для параўнання: турызм, які лічыцца асноўнай галіной эканомікі вострава, дае каля 37% бюджэтных паступленняў, але моцна церпіць ад штогадовых ураганаў.

Звычайны кошт рэгістрацыі.ai-дамена пачынаецца ад 150—200 долараў на два гады. Пры гэтым найбольш запатрабаваныя адрасы прадаюцца з аўкцыёнаў за сотні тысяч даляраў. Напрыклад, нядаўна дамен cloud.ai абышоўся ў 600 тысяч, а law.ai — у 350 тысяч.

Амаль усе грошы ідуць у бюджэт Ангільі, хоць каля 10% прыбытку атрымлівае амерыканская кампанія Identity Digital, якая кіруе тэхнічным бокам дамена.

Гэтая сітуацыя нагадвае прыклад вострава Тувалу, які яшчэ ў 1998 годзе прадаў права на свой дамен.tv і зарабляе на гэтым мільёны. Але ў выпадку Ангільі вялікая частка даходаў ідзе непасрэдна мясцовым уладам.

Грошы ад даменаў плануюць выкарыстоўваць для развіцця інфраструктуры, будаўніцтва новага аэрапорта і ўмацавання сістэмы аховы здароўя.

Чытайце таксама:

Адна з дзяржаў рыхтуецца да першай у свеце планаванай міграцыі ўсёй нацыі

Чаму турбулентнасць пры палётах на самалётах здараецца ўсё часцей

Вялікабрытанія пасля шматгадовых спрэчак пагадзілася перадаць Маўрыкію астравы Чагас

Каментары да артыкула