АБСЕ заявіла пра закрыццё «Мінскай групы»
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) абвясціла, што «Мінская група» і звязаныя з ёй структуры будуць закрытыя да 1 снежня 2025 года. Гэта рашэнне стала вынікам сумеснага звароту Арменіі і Азербайджана пасля падпісання дэкларацыі аб поўным спыненні баявых дзеянняў паміж гэтымі краінамі. За ліквідацыю групы прагаласавалі ўсе 57 дзяржаў — удзельніц АБСЕ, піша «Радыё Свабода».
Ільхам Аліеў, Дональд Трамп і Нікол Пашынян падчас падпісання мірнай дэкларацыі ў Белым доме. Фота: Andrew Harnik/Getty Images
Дэкларацыі аб поўным спыненні баявых дзеянняў была падпісаная 8 жніўня 2025 года ў Вашынгтоне прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам і прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым пры пасярэдніцтве прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Гэта стала падставай для рашэння аб закрыцці «Мінскай групы».
Група была створана ў 1992 годзе для садзейнічання мірнаму вырашэнню канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам у Нагорным Карабаху. За больш чым 30 гадоў яна выступала пасярэднікам у перамовах, хоць запланаваная канферэнцыя ў Мінску так і не адбылася. Сустаршынямі групы былі Францыя, Расія і ЗША, а ў склад уваходзілі таксама Беларусь, Фінляндыя, Германія, Італія, Швецыя, Турцыя, Арменія і Азербайджан.
Эфектыўнасць «Мінскай групы» з часам зніжалася, а пасля вайны ў Нагорным Карабаху ў 2020 годзе Азербайджан стаў лічыць, што канфлікт вырашаны, і выступаў за закрыццё групы. Міністэрства замежных спраў Азербайджана назвала рашэнне аб закрыцці «паказчыкам прызнання міжнароднай рэальнасці і аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці краіны». Публікацыі заявы МЗС Арменіі пакуль не было.
Канфлікт у Нагорным Карабаху пачаўся ў канцы 1980-х гадоў з тэрытарыяльных і этнічных спрэчак паміж Арменіяй і Азербайджанам і прывёў да ваенных сутыкненняў. Паводле розных ацэнак, у канфлікце загінула больш за 30 тысяч чалавек. Пасля пераходу тэрыторый пад кантроль Азербайджана ў 2023 годзе амаль усе армяне пакінулі гэты рэгіён.
Чытайце таксама:
Карабах без армян: Трамп заканчвае войны, якія заканчваюцца самі
Аліеў і Пашынян падпісалі ў Белым доме дэкларацыю аб спыненні баявых дзеянняў