Што за гатэль, у якім спыняўся Пуцін у Кітаі і куды запрашаў Лукашэнку
Падчас візіту ў Кітай на саміт ШАС Пуцін спыніўся ў пяцізоркавым гатэлі Ritz-Carlton, які знаходзіцца ў горадзе Цяньцзін. Як пісаў «Камерсант», там жа чакалася яго сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. «Знайшлі ж дзе адасобіцца», — паіранізаваў летапісец Пуціна Андрэй Калеснікаў.
Уладзімір Пуцін падчас пасяджэння Рады кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. 1 верасня 2025 года. Фота: Sergei Bobylev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Паказваем, як выглядае прэзідэнцкі нумар у гэтым гатэлі і колькі каштуе.
Ritz-Carlton знаходзіцца ў цэнтры горада-спадарожніка Пекіна — 13-мільённым Цяньцзіне непадалёк ад чыгуначнага вакзала і галоўных адміністрацыйных кварталаў. Адсюль каля паўгадзіны язды да міжнароднага аэрапорта Цяньцзінь Біньхай.
Унутраны двор гатэля. Фота: ritzcarlton.com
Гатэль уваходзіць у міжнародную сетку гасцініц класа «люкс», якая знаходзіцца ва ўласнасці Ritz-Carlton Hotel Company, даччынай кампаніі найбуйнейшага ў свеце гасцінічнага холдынгу Marriott International.
Гатэль у Цяньцзіне адкрыўся ў 2013 годзе як частка праекта «Пяць унутраных дворыкаў на вуліцы Тайань». Яго асноўны будынак выкананы ў неакласічным стылі.
Ritz-Carlton пазіцыянуе сябе як эталон элегантнасці для падарожнікаў з усяго свету. Госці могуць скарыстацца трансферам на аўтамабілях Rolls Royce ці Bentley.
Для гасцей ёсць некалькі рэстаранаў з кітайскай, італьянскай і японскай кухняй, а таксама крыты басейн, фітнэс-цэнтр і вялікая канферэнц-зала плошчай 1,6 тысячы квадратных метраў, што дазваляе праводзіць сустрэчы і выставы.
Фота: ritzcarlton.com
У гатэлі адзін прэзідэнцкі нумар, які мае каля 410 квадратных метраў і ўключае адну спальню з вялікім ложкам фармату king-size.
Ёсць і шырокая прастора для прыёму гасцей.
Спальня. Фота: ritzcarlton.com
У нумары некалькі розных зон: ёсць невялікая сталовая зона ў агульнай прасторы для паўсядзённага карыстання, асобная вялікая сталовая для афіцыйных абедаў, а таксама асобная гасцёўня з камінам.
Гасцёўня з камінам. Фота: ritzcarlton.com
Дадаткова выдзелены бібліятэка і рабочы кабінет, а таксама прасторная гардэробная. Жылая і спальная часткі аддзелены перагародкай, што дазваляе захоўваць прыватнасць.
Бібліятэка і рабочы кабінет. Фота: ritzcarlton.com
Галоўны ванны пакой аздоблены мармурам. У ім акрамя ванны і душавой кабінкі знаходзіцца джакузі на дваіх. У нумары ёсць дадатковы санвузел.
Ванны пакой. Фота: ritzcarlton.com
Для зручнасці гасцей прадугледжаны бясплатны бесправадны інтэрнэт, кава-машына і прыбор для прыгатавання гарбаты.
Як вынікае з апісання нумара, у ім ёсць гадзіннік з будзільнікам прэміум-класа ад брэнда Bang & Olufsen, сейф (за дадатковую плату), вялікі стол, за якім могуць размясціцца восем чалавек. З вокнаў нумара адкрываецца від на сад.
Фота: ritzcarlton.com
Суткі пражывання ў такім нумары для аднаго чалавека каштуюць прыкладна 6800 даляраў.
Чытайце таксама:
Недалёка ад рэзідэнцыі Пуціна ўпаў беспілотнік — пажар тушылі чатыры дні
Пажыць каралямі. Колькі каштуюць люксы ў крутых беларускіх гатэлях?
Пуцін на пасяджэнні ШАС зноў заявіў, што Захад справакаваў напад Расіі на Украіну