Модзі заклікаў Пуціна да хутчэйшага завяршэння вайны ва Украіне
Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва заклікаў расійскага прэзідэнта да хутчэйшага завяршэння вайны ва Украіне, піша IndiaToday.
Уладзімір Пуцін, Нарэндра Модзі і Сі Цзіньпін гутараць напярэдадні саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Цяньцзіні, 1 верасня 2025 года. Фота: Indian Prime Minister's Office via AP
Прэм’ер-міністр Нарэндра Модзі у часе сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным заявіў, што шлях да трывалага міру ва Украіне — гэта заклік усяго чалавецтва.
«Мы пастаянна абмяркоўваем бягучы канфлікт ва Украіне. Мы вітаем усе нядаўнія намаганні дзеля міру. Спадзяёмся, што ўсе бакі будуць рухацца наперад канструктыўна. Трэба знайсці шлях да як мага хутчэйшага завяршэння канфлікту і ўсталявання трывалага міру», — сказаў прэм’ер-міністр Індыі.
Сустрэча адбылася праз некалькі дзён пасля таго, як уступілі ў сілу мыты ЗША ў 50 працэнтаў на індыйскія тавары за куплю Індыяй расійскай нафты. ЗША абвінавацілі Нью-Дэлі ў фінансаванні вайны Расіі супраць Украіны — абвінавачванне, якое Індыя адпрэчыла, назваўшы гэта «крывадушнасцю Захаду».
Пуцін збіраецца наведаць Індыю ў снежні 2025 года.