У акупаваным Луганску скончыўся бензін АІ-92 і АІ-95. Яго дэфіцыт назіраецца і ў некаторых рэгіёнах Расіі
Улады «ЛНР» заявілі пра часовую адсутнасць бензіну марак АІ-92 і АІ-95. На запраўках выстройваюцца чэргі і чакаюць па некалькі гадзін, пішуць у пабліках.
«Сітуацыя, якая склалася, абумоўленая перабоямі ў пастаўках, а таксама падвышаным спажывецкім попытам на паліва, які назіраецца цягам апошніх двух тыдняў», — кажуць у Мінпалэнерга «ЛНР». Там дадаюць, што запасы зніжаныя.
Да гэтага продаж бензіну АІ-92 у сувязі з дэфіцытам прыпынілі ў Курыльскім раёне Сахалінскай вобласці, звяртае ўвагу Astra. У Прыморскім краі паведамлялі аб кіламетровых чэргах на АЗС, а ў Забайкаллі пачалі прадаваць бензін па талонах. Перабоі з бензінам паўсталі і ў анэксаваным Крыме.