БЕЛ Ł РУС

Сотні людзей прыйшлі ў Кіеве развітацца з маладой маці і яе дачкой, якія загінулі ад расійскага ўдару

31.08.2025 / 14:42

Nashaniva.com

У Кіеве развіталіся з 24-гадовай Надзеяй Галіч і яе двухгадовай дачкой Ангелінай, якія загінулі ў выніку масіраванага нападу Расіі на сталіцу ў ноч на 28 жніўня.

Мясцовыя жыхары стварылі імправізаваны мемарыял каля пашкоджанага дома. Усе фота: Ганна Жалязняк / Суспільне

Сярод прысутных на развітанні былі жыхары разбуранага дома ў Дарніцкім раёне, суседзі, сваякі, сябры і аднакласнікі загінулай Надзеі. Дзяўчына вучылася ў Кіеўскім прафесійным каледжы турызму, а ў кастрычніку 2022 года нарадзіла дачку.

Былая класная кіраўніца Наталля сказала, што Надзя была добрай вучаніцай, вясёлым і прыязным чалавекам і любіла сваю малодшую сястру.

«Надзюшка была вельмі светлым і добрым чалавекам. Яна ўсім дапамагала. Яна расла на маіх вачах. Я не магла сказаць пра яе ніводнага дрэннага слова», — падзялілася Людміла, жыхарка суседняга дома.

Каля дома, пашкоджанага падчас расійскага ўдару, мясцовыя стварылі імправізаваны мемарыял, куды, акрамя кветак, прыносяць цацкі.

У ноч на 28 жніўня Расія нанесла масіраваны ўдар па ўкраінскіх гарадах. У Кіеве загінулі 21 дарослы і чацвёра дзяцей. Дзясяткі людзей атрымалі раненні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула