БЕЛ Ł РУС

«Узор крамлёўскай хлусні і пыхі». У Генштабе УСУ адрэагавалі на справаздачу расіян пра вынікі летняга наступу

31.08.2025 / 10:25

Nashaniva.com

Украінскі Генштаб адрэагаваў на справаздачу расійскіх калег аб «выніках вяснова-летняй кампаніі 2025 года», назваўшы яго хлуснёй. Расійскі летні наступ скончыўся «практычна нічым», кажуць у Генштабе УСУ. 

Украінскі вайсковец на Данецкім фронце, Украіна, 7 мая 2024 года. Фота: AP Photo / Francisco Seco

30 жніўня Генштаба УС РФ распаўсюдзіў справаздачу адносна вынікаў вяснова-летняй кампаніі 2025 года. 

«У яго аснове — спробы выдаць жаданае за сапраўднае і адкрытая хлусня. Бо праз тры з паловай гады поўнамаштабнай агрэсіі Крамля яго чарговая сезонная наступальная кампанія скончылася практычна нічым», — гаворыцца ў заяве ўкраінскага Генштаба.

Украінскі бок сцвярджае, што нягледзячы на заявы Герасімава, расійскія войскі не атрымалі поўны кантроль ні над адным буйным горадам.

«Затое з пачатку года ў бессэнсоўных баях на Харкаўшчыне, Луганшчыне і Данеччыне расейцы страцілі амаль 210 тысяч сваіх жаўнераў забітымі і параненымі, знішчана і пашкоджана 2174 баявыя браняваныя машыны, 1201 танк, 7303 артылерыйскія сістэмы і 157 рэактыўных сістэм залпавага агню.

Фэйкавыя рэляцыі праціўніка аб «зонах бяспекі» ў Сумскай і Харкаўскай абласцях — нішто іншае, як спробы схаваць правалы аперацый, якія абярнуліся для ворага тупіком і дзясяткамі тысяч страт», — піша Генштаб Украіны.

Там дадаюць, што сёння ўкраінскія войскі вядуць актыўныя дзеянні на Сумшчыне, дзе вызвалілі Кандратаўку і Андрэўку, выцясняюць саперніка з іншых прыгранічных населеных пунктаў.

Прадстаўленыя расіянамі лічбы па захопленых тэрыторыях і населеных пунктах украінскі Генштаб называе «істотна завышанымі».

«У той жа час 100% пацверджаны вынік, якога дасягнулі расіяне з пачатку 2025 года, — гэта іх агульныя страты больш за 291 тысячу салдат забітымі і параненымі. Масавае ўзнагароджанне 120 тысяч расійскіх воінаў толькі пацвярджае маштабы страт», — гаворыцца ў заяве.

Там падкрэсліваюць невыбіральнасць расійскіх атак на ўкраінскія тэрыторыі.

«Адносна «высокадакладных удараў» краіны-агрэсара «выключна па вайсковых аб'ектах» — цану гэтай пахвальбы ведаюць тысячы мірных украінскіх жыхароў, якія штодня губляюць свае дамы, родных і блізкіх. Дзе ўпадзе расійскі «Іскандэр»— там і «акажацца» камандны пункт УСУ» або «база замежных наймітаў», — канстатуюць у Генштабе УСУ. 

«Выніковая справаздача генерала Герасімава — тыповы ўзор агрэсіўнай крамлёўскай хлусні і пыхі. Украінскія сілы абароны трымаюць фронт, знішчаюць акупанта і даказваюць: ніводная крамлёўская прапаганда не схавае правалу расійскай вяснова-летняй кампаніі 2025 года», — дадаюць у Генштабе.

Учора начальнік Генеральнага штаба Расіі Валерый Герасімаў падвёў вынікі вяснова-летняй кампаніі 2025 года. Паводле яго слоў, «стратэгічная ініцыятыва цалкам належыць расійскай арміі». 

Герасімаў сцвярджае, што войскі Расіі цяпер кантралююць амаль усю Луганскую вобласць (99,7%), а таксама 79% Данецкай, 74% Запарожскай і 76% Херсонскай. Ён заявіў, што Расія працягне вайну супраць Украіны і будзе весці наступальныя дзеянні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула