Напярэдадні 1 верасня беларуска спрабавала зарабіць на шакаладках з цытатамі Лукашэнкі
Каментатары жартуюць: такая абгортка — надзейны спосаб прымусіць чалавека адмовіцца ад салодкага.
Скрыншот відэа ў тыктоку
Жанчына, падпісаная ў тыктоку як Надзея Аўгуць, звычайна вырабляе невялікія падаруначкі для гасцей на вяселлі — шакаладкі з партрэтамі маладзёнаў ці магніцікі з імі.
Але напярэдадні Дня ведаў яна вырашыла прадэманстраваць яшчэ адзін варыянт — «шакалад для мерапрыемстваў у школе». Яна дэманструе на відэа ў тыктоку маленькія шакаладкі. З аднаго боку на абгортцы карта Беларусі ў колерах афіцыйнага сцяга і цытата Лукашэнкі: «Патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт». З іншага пазначана школа, для якой, імаверна, тыя прысмакі замовілі — гэта Сеніцкая школа імя Янкі Купалы.
Сярод каментатараў ідэя няшмат каму спадабалася: «Калі дзяцей трэба вучыць любіць радзіму, значыць, радзіма не любіць дзяцей». Нехта абураўся, што для школы, якая носіць імя Янкі Купалы, не знайшлі нават верша паэта.
Выклікала незадаволенасць і тое, што пра патрыятызм беларусам кажуць па-руску.
Быў і сумны беларускі гумар: «У мяне пытанне, ці не будзе крымінальнай адказнасці, калі выкінуць абгортку ў сметніцу? Дзяржаўныя сімвалы, цытата галоўнакамандуючага, неяк боязна…»
Каштуюць такія маленькія шакаладкі ў жанчыны па 80 капеек за штуку.
Нагадаем: сёлета на адзіным уроку 1 верасня школьнікі будуць слухаць цытаты Лукашэнкі і пісаць ліст піянерам 2075 года.
Чытайце таксама:
Прапагандыст Рачылоўскі больш не выкладае ў мінскай гімназіі. Куды ён прыткнуўся цяпер?
«Аддалі ўвесь заробак» vs «усё аплаціла дзяржава». Зборы ў школу ў Беларусі і ў Польшчы