Пяць краін Еўрасаюза просяць фінансавай дапамогі ў ахове межаў
Пяць краін Еўрасаюза — Польшча, Фінляндыя, Латвія, Літва і Эстонія — звярнуліся да Еўракамісіі з просьбай выдзеліць дадатковае фінансаванне для ўзмацнення абароны знешніх межаў ЕС. Прычынай яны называюць працяг гібрыднай агрэсіі з боку Расіі і Беларусі, піша RMF24.
На мяжы Польшчы з Беларуссю. Фота: Straż Graniczna
Міністры ўнутраных спраў пералічаных дзяржаў у лісце ў Брусэль падкрэслілі, што гібрыдная вайна працягваецца ўжо больш за чатыры гады і ўключае не толькі міграцыйны ціск, але і кібератакі, падпалы, дыверсіі супраць крытычнай інфраструктуры і парушэнні паветранай прасторы.
Асобна адзначаецца рост інцыдэнтаў з беспілотнікамі, частка якіх нясе выбухоўку і падае паблізу жылых дамоў. Так, у Люблінскім ваяводстве Польшчы нядаўна дрон упаў на кукурузнае поле і выбухнуў, пашкодзіўшы вокны ў суседніх хатах. Міністр абароны Польшчы назваў гэта прамой правакацыяй Расіі ў момант, калі ідуць мірныя перамовы па Украіне.
Кіраўнікі МУС Латвіі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі і Эстоніі падкрэсліваюць, што ўсходняя мяжа — гэта праблема не толькі іх, але і ўсяго Еўрасаюза. Без сумесных інвестыцый пад пагрозай аказваецца бяспека ўсёй Еўропы.
Таму яны просяць Еўракамісію накіраваць дадатковыя сродкі на:
- развіццё сістэм паветранага назірання;
- закупку дронаў для кантролю межаў;
- сродкі барацьбы з варожымі беспілотнікамі.
Па словах міністраў, папярэдняя дапамога ўжо ўмацавала кантроль на межах і палепшыла кіраванне міграцыяй, але ўзровень пагрозы расце і наяўных рэсурсаў ужо недастаткова.
Чытайце таксама:
На ўсходзе Польшчы за 100 кіламетраў ад мяжы з Украінай упаў і выбухнуў расійскі вайсковы дрон
У аэрапорце Вільні ненадоўга спынялі палёты праз дрон
У дроне, які заляцеў з Беларусі ў Літву, было выбуховае прыстасаванне