«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь
Шэлтар у Варшаве на вуліцы Балотнай, які адкрыўся тут у 2022 годзе і першапачаткова дапамагаў жанчынам-уцякачкам з дзецьмі з Беларусі і Украіны, сёння дае прытулак беларускім добраахвотнікам і палітвязням, вымушаным пакінуць родную краіну. Трохпавярховы дом, сцены якога за тры гады пераслухалі шмат слёз і страшных гісторый, тут называюць Церамком, за рух у якім адказвае Ганна Федаронак. 54-гадовая жанчына раней жыла пад Паставамі — у пасёлку Варапаева — у вялікім доме з мужам і дзвюма дочкамі. А потым да болю знаёмы многім сцэнар: збор подпісаў, спроба адстаяць свае галасы, двайная эміграцыя і букет крымінальных спраў з радзімы.
Пабывалі ў Церамку і даведаліся, хто ў ім і як жыве сёння. Спойлер: пасля Новага года ўсе яго жыхары могуць апынуцца на вуліцы.
«Раней мы ўсіх рэпрэсаваных маглі засяляць, але цяпер толькі палітвязняў, бо попыт вялікі»
Зранку ў шэлтары павольны вайб вялікай рознаўзроставай сям’і — калекцыя абутку ўсіх памераў на ўваходзе адразу дадаткова пацвярджае першае ўражанне. Адны ўжо даўно прачнуліся і паехалі па побытавых справах, другія прымаюць душ, іншыя прыбіраюцца ў сваім пакоі, запарваюць гарбату на кухні ці яшчэ даглядаюць сон.
На кухні. Фота: «Наша Ніва»
На ўваходзе ў шэлтар. Фота: «Наша Ніва»
На сёння тут жывуць 16 чалавек, а яшчэ марская свінка па мянушцы Пэпэ, якая належыць аднаму з хлопчыкаў. У асноўным гэта мужчыны-палітвязні, а таксама некалькі жанчын з дзецьмі.
«Толькі за гэты год у супрацы з «Байхэлпам» мы дапамаглі ўжо 137 беларусам. Гэта рэальная дапамога — «Байсол» вывозіць, а мы засяляем. Нават калі чалавек толькі выехаў і мы не ведаем, калі ён да нас дабярэцца, мы трымаем яму месца, каб на нас можна было адразу разлічваць», — расказвае Ганна, дадаючы, што ў Беларусі засялення чакае новая порцыя людзей, але месцы не заўсёды хутка вызваляюцца.
Кіраўнічка шэлтара Ганна Федаронак. Фота: «Наша Ніва»
Адначасова і з камфортам шэлтар можа прымаць 20 чалавек. Знаходзіцца тут яны могуць два месяцы, каб паспець вырашыць пытанне па легалізацыі, знайсці працу і сталае месца жыхарства.
«Раней мы ўсіх рэпрэсаваных маглі засяляць, але цяпер толькі палітвязняў, бо попыт вялікі», — працягвае ўводзіць у курс спраў Ганна.
Адзін маленькі пакой на першым паверсе, дзе стаяць, як тут жартуюць, чарговыя нары, пустуе адмыслова.
«Мы вырашылі, што на пастаянна яго засяляць не будзем. Ён запатрабаваны тымі, хто прыязджае ненадоўга, каб чыста пераночыць: напрыклад, беларускімі ваярамі, якія вярнуліся з вайны — пакуль яны легалізуюцца і знойдуць працу ў Польшчы, то жывуць у нас. І сем’і ваяроў мы таксама засяляем. Дарэчы, я ведаю толькі іх пазыўныя, ніякіх асабістых даных не прашу — такія ў іх умовы.
Калі шэлтар быў даступны толькі для маці з дзецьмі, я добраахвотнікам-беларусам тут давала сховішча на свой страх і рызыку».
Пакой для кароткатэрміновага пражывання. Фота: «Наша Ніва»
На кухню пакрысе сцягваюцца жыхары Церамка. Адзін з іх — Андрэй Салапура, які літаральна тыдзень таму з’ехаў з Беларусі, адсядзеўшы паўтара года па народным 342-м артыкуле за жнівеньскія пратэсты ў Брэсце пасля выбараў-2020.
Андрэй Салапура. Фота: «Наша Ніва».
«Я сваё цалкам адсядзеў, за мной не было нагляду — толькі штотыдзень трэба было адзначацца ў міліцыі. Але я ўсё ж з’ехаў, бо адчуваў пастаянны страх. Пасля таго, як цябе перамалола сістэма па адной пстрычцы пальцаў, не хацелася больш знаходзіцца ў стане вечнай нявызначанасці і бездапаможнасці, з рызыкай, што заўтра нехта зноў прыме рашэнне, што ўмоўна «ў нас новы рэферэндум, давайце «небяспечных» людзей прэвентыўна закрыем».
Свабоды як такой у Беларусі ўжо няма для нас. За мяжой таксама можа быць няпроста, але я хаця б не адчуваю больш дамоклавага мяча над галавой».
Андрэй — выкладчык замежных моў, які да затрымання працаваў у айці-кампаніі. У магілёўскай калоніі ён перасёкся з асуджаным на 12 гадоў Аляксеем Галаўко па справе, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху з Брэсцкай вобласці.
«Была такая сітуацыя, што на брэсцкай «Вясне» яго павіншавалі з днём народзінаў — і за гэта яму адразу далі 10 сутак ШІЗА. У прынцыпе, там такая традыцыя, што дзясятку табе адразу даюць у падарунак па прыездзе. Больш я ў ШІЗА не трапляў — у мяне ёсць школа арміі, і я разумею, як ва ўсіх такіх установах трэба сябе паводзіць. Але ясна, што на дзеянні «экстрэмістаў» там глядзяць пад лупай».
Андрэй Салапура. Фота: «Наша Ніва».
Андрэю прапанавалі напісаць прашэнне на памілаванне, але за месяц да вызвалення, і ён не бачыў сэнсу ў такім «прэзенце».
«Тут я жыву ў пакоі яшчэ з двума хлопцамі — з усімі ладзім. Людзі, якія праходзяць такі шлях, пасля прасцей да ўсяго ставяцца, на мой погляд. З Беларусі я прывёз з сабой упэўненасць, што любую праблему можна вырашыць і пераадолець. Пасля ўсяго, што перажыў, на многае прасцей глядзіш».
Ганна дапаўняе, што за тры гады ў шэлтары ў іх выбухнула толькі тры буйныя канфлікты. Адзін з апошніх — з палітвязнем-блогерам Юрыем Чудзіновічам, які, па словах кіраўніцы, не падаваў сігналаў крыўды, пражываючы ў шэлтары, а пасля параўнаў умовы тут з адзіночнай камерай у Жодзіне — апошняя, на яго меркаванне, лепшая.
«Мне ў такія сітуацыі крыўдна нават не за сябе. Мне крыўдна за людзей, якія нам дапамагаюць — шукаюць нам грошы, дасылаюць з Італіі падушкі і коўдры. І потым вось нехта кажа «горш, чым у жодзінскай турме». Але я ўдзячная людзям, якія пішуць добрыя каментары. Тая ж настаўніца Таня Крапіневіч жыла ў нас і да сёння кажа, як у нас было ўтульна і па-сямейнаму. Мы ўвогуле амаль з усімі экс-жыхарамі ў кантакце — і вы б ведалі, як прыемна атрымліваць ад іх вялікую колькасць віншаванняў на святы», — эмацыйна каментуе гаспадыня Церамка.
Cамой Ганне пасля вынясення канфлікту на прасторы сацсетак таксама прыляцела за апублічванне даных шэлтараўцаў. Але яна лічыць, што ў гэтай сітуацыі нікога не падставіла — Юрый Чудзіновіч — блогер, які і так публічна працуе ў полі. «А яго імя і прозвішча і так усім вядомыя».
«Мужчыны нашы плачуць, і гэта добра, ім тады лягчэй робіцца»
Тэлевізары, лядоўні, адзенне, бялізну, канапы і ложкі, прадметы першай неабходнасці сюды па закліку прывозілі розныя беларусы і іншыя добрыя людзі. Ежу дастаўляюць з пратэстанцкай украінскай царквы і арганізацыі «Да волі». У гаражы хаваецца шмат каробак з гуманітаркай — адзеннем, цацкамі. Чарговыя пакеты з рэчамі прыехалі нядаўна для сям’і Антаніны Канавалавай.
«Цяпер вось у нас адна пралка зламалася, было б добра, каб з ёй нехта дапамог», — скардзіцца Ганна.
Закупы для шэлтара. Фота з асабістага архіва гераіні.
Сама яна ў справах шэлтара 24 на 7.
«У выходныя я не прыязджаю, але заўсёды на сувязі, у любы час. Новенькім я аддаю цэлы дзень звычайна — усё трэба паказаць, расказаць пра легалізацыю. Плюс яшчэ гадзіны дзве выслухаць, бо чалавеку, які выйшаў з турмы, першае, што трэба — выгаварыцца. Я тут амаль псіхолагам стала. Калі ў нас былі маці з дзецьмі з Украіны, было яшчэ цяжэй — слёзы гадзінамі, расказы пра бамбаванні… І мужчыны нашы таксама плачуць, і гэта добра, ім тады лягчэй робіцца».
Ганна за сваю працу па засяленні і высяленні людзей, пошуку фінансавання і афармлення справаздач, доглядзе за станам актуальных і пакупцы новых рэчаў атрымлівае заробак (суму Ганна не захацела ўдакладняць, кажа, што ён невялікі).
«Таму я хаджу па серадах прыбіраць офісы і кватэры дадаткова (дзякуючы гэтай падпрацоўцы у мяне хоць страхоўка з’явілася, дый плюс 228 еўра нялішнія). А ўвогуле ў мяне муж-дальнабойнік, і калі б яго не было, я б даўно тут не працавала, як бы мне ні падабалася, кажу шчыра. Бо тады б я не магла арандаваць сабе і дачцэ малодшай жытло.
Добра, што старэйшая ўжо ўладкавалася на працу і сама здымае трохпакаёўку з дзецьмі. Яна трэнерка па плаванні, займаецца з дзеткамі з аўтызмам і сіндромам Даўна, мае сваю базу кліентаў. Сама я ўжо нажылася па пакоях — у Кіеве мы ўшасцёх у адным у свой час былі, пасля здымалі доўга свой пакой, але ў кватэры той было 10 чалавек на адзін унітаз. І калі мы зараз знялі сваю, але маленькую кватэру, я села на ўнітаз, і такое шчасце было, што ён цяпер толькі наш! (пасміхаецца)».
Фота: «Наша Ніва»
«Мы можам апынуцца на вуліцы — з усімі гэтымі канапамі, лядоўнямі, мэбляй»
Цяпер Ганна больш перажывае не за фінансавы стан сям’і, а за будучыню шэлтара.
«На арэнду гэтага дома ў паляка мы аддаем амаль тры тысячы еўра на месяц, яшчэ тысяча сыходзіць на камуналку, бо тут жыве шмат людзей. Раней гэтыя расходы пакрывалі донары з Італіі (прычым пра тое, што іх фінансаванне сканчваецца, мы даведаліся за 10 дзён да самога сканчэння). А сённяшні донар працуе з намі пакуль толькі да Новага года, далей — невядома што. Мы можам апынуцца на вуліцы — з усімі гэтымі канапамі, лядоўнямі, мэбляй, якая фармальна належыць мне. Пры гэтым патрэба ў дапамозе людзям не знікае, а калі Лукашэнка пачне выпускаць новых палітвязняў, яна толькі ўзрасце.
Таму мы ўжо зараз спрабуем нешта прадпрымаць — напісалі з Паўлам Латушкам ліст спецпрадстаўніку МЗС Польшчы Адаму Халацінскаму — ён абяцаў прасоўваць нашу праблему. Мы хочам у тым ліку запрасіць яго да нас у дом, каб ён на свае вочы пабачыў людзей тут, паразмаўляў з імі».
Адрас шэлтара вядомы многім людзям. Новы ўласнік неўзабаве хоча ўсталяваць на тэрыторыі камеры. Але без іх ці не перажывае Ганна бяспеку — сваю і падапечных?
«У нас тут закрытая тэрыторыя. У кожнага ёсць свой ключ. Забаронена прыводзіць незнаёмых людзей (калі сябры ці сваякі хочуць, я заўсёды павінна пра гэта ведаць загадзя, без дазволу нельга). Я ж сама, што толькі ні перажыла — было на мой адрас шмат смс, пра тое што «мы ведаем, дзе ты працуеш». Cамымі цяжкімі паведамленнямі былі пра тое, што яны нібыта ведаюць, у якую школу ходзіць малодшая дачка.
Пляменніцу маю ў Беларусі забіралі тры разы, у маці вобшукі былі. Яны спрабавалі мяне зламаць, але, як я кажу, паглядзім яшчэ, хто каго. Я са сваякамі спецыяльна не камунікую, але не праз крыўды з нейкага боку, проста не хачу іх падстаўляць».
«Прасцей узяць на працу забойцу, чым цябе»
Дзецям рэпрэсаваных беларусак Ганна дапамагае ў тым ліку ўладкавацца ў школу і садок — кажа, дырэктаркі блізкіх да шэлтара ўжо яе ведаюць і сустракаюць вітальным «Пані Анё!». Таксама па сваіх кантактах яна дапамагае пайсці на працу ў клінінг ці на будоўлю, каб эмігранты маглі назбіраць за два месяцы хоць нейкія грошы і выкарыстаць іх для арэнды свайго кутка ў будучыні.
Так, на будоўлю зараз збіраецца пайсці адзін з жыхароў шэлтара Кірыл (імя змененае па просьбе героя — НН). З Беларусі ён з’ехаў каля трох месяцаў таму, да гэтага адсядзеўшы больш за тры гады па двух артыкулах КК — 342 (удзел у пратэстах) і 339 (хуліганства).
«Як выйшаў з калоніі, яшчэ пару месяцаў пабыў у Беларусі. Працу было знайсці цяжка: калі хацеў уладкавацца ў дзяржаўную ўстанову, мне сказалі, што ім прасцей узяць на працу забойцу, чым мяне. Змог пасля напрасіцца да прыватніка, але вырашыў з’ехаць: я разумеў, што мяне змогуць яшчэ затрымаць, бо гэта магчыма зрабіць і бяздоказна.
Я не мог нават у чатах пісаць на нейкія тэмы, таму што ў мяне пастаянна правяралі тэлефон. Пасля вызвалення я быў вымушаны пастаянна праходзіць праз цэнзуру — хіба гэта жыццё? Для мяне немагчыма было ў такой атмасферы жыць. Хай будзе цяжэй у эміграцыі, але дыхаць будзе прасцей».
Фота: «Наша Ніва»
У ШІЗА мужчына пабываў двойчы.
«Першы раз быў, калі ў шклоўскай калоніі палітвязням знянацку забаранілі наведваць бібліятэку. Я на тэлефонных званках бацькам гэта казаў, разумеючы, чым гэта можа адгукнуцца, але не мог іначай. І на наступны дзень пасля тэлефанавання мяне адразу адправілі ў ШІЗА, прычым з сур’ёзнымі парушэннямі — без акту, без працэдуры напісання тлумачэнняў і разгляду ўсяго гэтага начальнікам калоніі. Але супрацоўнікі патлумачылі, што гэтыя чацвёра сутак у ШІЗА нібыта за тое, што я з кімсьці не павітаўся».
Другі раз Кірыл атрымаў ШІЗА за адмову пісаць заяву на памілаванне.
«Пачалі масава прыязджаць прадстаўнікі пракуратуры — мяне таксама выклікалі, але сядзець мне заставалася каля пяці месяцаў, таму я адмовіўся нешта падпісваць. Пасля адмовы мяне адправілі ў ШІЗА на пяць сутак. Я быў такі не адзін — як мінімум тры чалавекі адмовіліся падпісваць. Аднаго з іх за гэта трымалі ў ШІЗА паўтара месяца, да самага канца тэрміну».
На будоўлі Кірыл працаваў і ў Беларусі, таму досвед, кажа, ёсць.
«Канечне, ёсць планы рэалізаваць сябе ў мастацкім варушняку, бо я няблага малюю, але трэба зарабляць грошы, таму пакуль я зноў пайду на будоўлю», — пасміхаецца мужчына. «Я атрымаў часовы дакумент. Знайшоў сабе пакой і хутка планую, калі нічога не абламаецца, жыць там».
Пасол Італіі ў Польшчы з візітам у шэлтары. Фота з асабістага архіва гераіні.
Да размовы далучаецца сусед Кірыла. Ён у шэлтары роўна тыдзень. Мужчына працаваў у Беларусі ў IT і плануе вярнуцца ў прафесію — менавіта таму ён абраў Польшчу для новага жыцця: «Сюды пераехала вялікае кам’юніці з Беларусі і Украіны, тут больш шанцаў рухацца па працы».
У бабруйскай калоніі, дзе ён адбываў тэрмін па 293-м артыкуле КК («масавыя беспарадкі») ён таксама пабываў у ШІЗА, у суме правёў там 70 сутак — «то не пагаліўся, то нібыта змесціва маіх торбаў не супадала з запісаным спісам рэчаў. Але на справе гэтымі ШІЗА цябе даводзяць да таго, каб ты проста жорстка пачаў займацца самацэнзурай, і ты павінен сам да гэтага дайсці».
Мужчына дзеліцца адной з нядаўніх радасцяў свабоды — пакатаўся на яхце. І кажа, што турэмны досвед яго толькі ўмацаваў.
«Каб сысці ў моцныя псіхалагічныя праблемы, трэба пачаць займацца глыбокім самашкадаваннем, а калі не займацца, ставішся да гадоў у няволі не як да згубленых — а хто сказаў, які менавіта досвед вы мусіце атрымаць у жыцці, чаму ўсё ў нас павінна быць гладка?» — задаецца пытаннем суразмоўца.
«Сяргею Ціханоўскаму ідэальна было б узяць паўзу, прыйсці ў сябе»
У шэлтары ўсе размовы так ці інакш у нейкі момант зводзяцца да тэмы дома. Згубленага, разбуранага, часовага, пошукаў новага. Дом Ганны Федаронак цяпер апячатаны. Там адключылі святло, абрэзалі газ.
«Я так разумею, што цяпер ідзе завочны суд, таму што была крыміналка, па якой я выязджала, плюс ёсць крыміналкі за акцыі, для якіх стварала плакаты тыпу «Галасуй, не галасуй, усё роўна атрымаеш… (і там Лукашэнка ў форме х*я). Ну і наш канал «Лукашолкі» — экстрэмісцкае фарміраванне.
Дадаткова я ішла з Аляксандрам Азаравым у Каардынацыйную раду, а потым здарылася тая рассылка для падпісаных на план «Перамога» з заклікамі галасаваць за яго. Амаль уся каманда была ні сном, ні духам пра гэта. Мяне проста разрывала, таму я сышла адтуль яшчэ да выбараў у КР. Пры гэтым мяне ўсё роўна прыплялі ў Беларусі да плана «Перамога», і маю пляменніцу другі раз затрымалі і прымусілі казаць на відэа, што я яе агітавала падпісацца на гэты «план».
Нядаўна Ганна змагла сустрэцца і паразмаўляць з Сяргеем Ціханоўскім. З далучэннем да яго каманды, збору подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўская і пачалася яе дарога да крымінальных спраў.
«Што сказаць пра Сяргея? Ён прыйшоў з карабля на баль. Выдраны з 2020-га ў 2025-ты з адзіночкі. Яму хочацца гаварыць. Калі чалавек маўчаў пяць гадоў, тут зразумела. Ён канечне зусім не ўнік у сітуацыю перш, чым рабіць заявы свае, нарабіў шмат памылак. Ідэальна было б узяць паўзу, прыйсці ў сябе. Але я асабіста яму дарую ўсё, бо разумею, колькі чалавек перажыў — і тады ішоў са сваім энтузіязмам напралом, і цяпер працягвае рабіць тое самае».
Калі раней Ганна марыла вярнуцца ў свой вялікі дом у Варапаева — з прасторнай лазняй і асобным пакоем для лазневых працэдур, то цяпер кажа, што настальгічныя пачуцці абрубіла.
«Калі мне адрэзалі і святло, і газ і паказалі гэта ў рэпартажы Ігара Тура, унутры ўсё абарвалася. Да гэтага я і плакала часам, згадвала, дзе там у мяне якая талерачка стаіць, дзе кубачак… А цяпер неяк лягчэй стала, ніткі перарэзаныя канчаткова. Ды і калі б вярнуцца, то не ў Варапаева: я б ужо не змагла жыць з тымі «ябацькамі», якія там і Лукашэнку падтрымліваюць, і Пуціна. Дарэчы, дзевяць чалавек у нашым пасёлку пасадзілі на 72 гадзіны за лайк у «Аднакласніках» на маю фатаграфію з дачкой, калі маю старонку прызналі экстрэмісцкай. І сярод іх апынулася адна «ябацька»», — дзеліцца кіраўнічка шэлтара.
Сілы Ганне дае яе гумарыстычны праект «Лукашолкі». Яе персанаж баба Галя з 2021 года паспеў з’явіцца і ў відэазвароце Святланы Ціханоўскай, і сыграць у кліпе Юрыя Стыльскага, яе з напарніцай запрашалі весці рубрыку на канале Сцяпана Пуцілы, хутка яны могуць вярнуцца і на «Белсат», а зусім нядаўна «Лукашолкі» трапілі на старонкі New York Times.
«Я вучылася ў Інстытуце культуры на рэжысёрскім факультэце — паступіла з другой спробы пры конкурсе 13 чалавек на месца. Увесь час была на нашай сцэне ў Доме культуры то Бабай Ягой, то Карлсанам. Я працавала як ІП, але менавіта сцэна — маё пакліканне душы. На жаль, мой першы муж аказаўся аб’юзерам, які забараніў мне выступаць. А тут гэтая дзіцячая мара ажыццявілася.
І гэта дапамагае мне жыць, перажываць усе цяжкасці. Бывае, што начамі не сплю, ідэі лезуць у маю галаву, а на наступны дзень сцэнарый для новага выпуску ўжо гатовы».
Галоўнай марай Ганны застаецца мара пра новы дом, але не для сябе, а для палітвязняў.
«Гэты дом добры, але тут мала месцаў, на жаль, нават калі застаўляць усё раскладушкамі на ноч. Ідэальна было б атрымаць ад горада нейкі закінуты будынак на пяць гадоў, мы самі зрабілі б там рамонт, аплачвалі б камуналку, але нам не трэба было б штомесяц шукаць тры тысячы еўра на арэнду. Карацей, мая мара — сустрэць Новы год у новым памяшканні, дзе ўсім знайшлося б месца».
У гаражы, дзе захоўваюцца рэчы першай неабходнасці — адзенне, ежа, гігіенічныя тавары. Фота: «Наша Ніва»
Дапамагчы палітвязням і далей атрымліваць першы бясплатны начлег пасля эміграцыі можна тут:
Па гэтай спасылцы можна зрабіць разавы плацеж, а па гэтай — аформіць штомесячную падпіску.