Прапагандыст Рачылоўскі больш не выкладае ў мінскай гімназіі. Куды ён прыткнуўся цяпер?
Малады і адыёзны прапагандыст Мікіта Рачылоўскі настолькі дэманстраваў сваю адданасць рэжыму, што нават трапіў пад еўрапейскія санкцыі. Два гады ён працаваў настаўнікам у мінскай гімназіі №13, але цяпер звольніўся.
Мікіта Рачылоўскі. Тут і далей фота з яго сацсетак
Зорка Мікіты Рачылоўскага заззяла на небасхіле беларускай прапаганды ў 2022 годзе. Тады 25-гадовага хлопца прызначылі кіраўніком Моладзевага парламента — ён нават атрымаў чырвона-зялёны букет з рук Наталлі Качанавай. Тады ж Мікіта стаў кіраваць моладзевым грамадскім аб'яднаннем «Рух наперад».
У 2023 годзе Мікіта як кіраўнік Моладзевага парламента катаўся ў «ДНР» і хваліўся тым, што заключыў дамову аб супрацоўніцтве з тамтэйшым Моладзевым парламентам.
У тым жа 2023 годзе Рачылоўскі стаў частым госцем ток-шоу на беларускім тэлебачанні. Ад імя беларускай моладзі ён асуджаў «нацыянал-здраднікаў». Яму даверылі весці праграму «Сенат» на СТБ і браць інтэрв'ю ў дэпутатаў.
Хлопец нават абяцаў памерці за Лукашэнку.
Летась у жніўні Рачылоўскі трапіў пад санкцыі Еўрасаюза. Але далей кар’ера забуксавала. У кастрычніку яго замянілі ў Моладзевым парламенце на Аліну Рацькову. На СТБ Рачылоўскага таксама апошні раз згадвалі ў жніўні 2024 года. На «РТР-Беларусь» яго працягвалі калі-некалі клікаць — напрыклад, каб пахваліць суботнікі.
Затое хлопец зганяў на Сусветны кангрэс антыфашысцкай моладзі і студэнтаў у Венесуэле, дзе насіў мерч з крамы Лукашэнкі.
Мікіта заставаўся кіраўніком таго самага «Руху наперад» (аб’яднанне ладзіла прапагандысцкія праекты кшталту «Пакаленне Першага», прысвечанага чарговым выбарам) і быў настаўнікам у сталічнай гімназіі №13. Даверылі яму весці прадмет «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)».
Цяпер Рачылоўскі абвесціў, што два тыдні таму звольніўся з гімназіі.
Мяркуючы па яго інстаграме, Рачылоўскі пасябраваў з былым паралімпійцам, а цяпер грамадскім дзеячам Аляксеем Талаем. З фондам Талая Рачылоўскі як кіраўнік «Руху наперад» падпісаў дамову аб супрацоўніцтве.
Аляксей Талай называе Мікіту не толькі сваім сябрам, але і «адным з найбольш перспектыўных будучых кіраўнікоў».
Апошнім часам Рачылоўскі актыўна піярыць мерапрыемствы з удзелам Талая і дзейнасць яго дабрачыннага фонду. Напрыклад, распавядае пра матывацыйную сустрэчу Аляксея з расійскімі вайскоўцамі, якім пасля вайны ампутавалі некаторыя часткі цела. У хэштэгах Рачылоўскі пазначыў #СВА і #Z.
Аб’ядноўвае мужчын не толькі тое, што яны абодва пад санкцыямі Еўрасаюза, але і знаходжанне ва ўкраінскай базе «Міратворац».
Ужо два тыдні Мікіта Рачылоўскі афіцыйна працуе намеснікам па развіцці міжнародных адносін і праектнай дзейнасці дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая.
Кажа, што ў асноўным будзе займацца двума асноўнымі кірункамі: стварэнне рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей, а таксама рэалізацыя праекта «Жывая памяць удзячных пакаленняў» на тэрыторыі Расіі.
Чытайце таксама:
«Памерці за Лукашэнку». Хто такі Мікіта Рачылоўскі, новы твар прапаганды
Фонд Талая зноў перадаў гуманітарную дапамогу на акупаваныя тэрыторыі Украіны