БЕЛ Ł РУС

У Кітаі адкрываецца самы высокі мост у свеце ФОТЫ

30.08.2025 / 6:30

Nashaniva.com

Мост над Вялікім каньёнам Хуацзян не толькі ўстанавіў шэраг сусветных рэкордаў, але і абяцае стаць новым турыстычным і эканамічным цэнтрам аднаго з самых горных рэгіёнаў Кітая.

Мост праз Вялікі каньён Хуацзян. Фота: China News Service / Getty Images

Будаўніцтва моста праз Вялікі каньён Хуацзян у правінцыі Гуйчжоў (Кітай) над ракой Бэйпань пачалося ў студзені 2022 года. Ён павінен злучыць хуткаснай магістраллю раёны Лючжы і Аньлун у адным з самых горных рэгіёнаў Кітая.

Як паведамляе сайт Highestbridges.com, вышыня моста ад палубы да ўзроўню вады — 625 метраў. Гэта больш, чым у любога іншага моста ў свеце. Яго галоўны пралёт мае даўжыню 1420 метраў, што робіць мост самым доўгім сярод горных мастоў. Агульная даўжыня збудавання — амаль 2890 метраў.

Нягледзячы на рэкордныя паказчыкі, паводле Кнігі рэкордаў Гінеса, агульны тытул найвышэйшай канструкцыі (ад самай верхняй кропкі да самай ніжняй) застаецца за французскім віядукам Міё.

Выданне South China Morning Post днямі размясціла відэа выпрабаванняў моста, якія працягваліся пяць дзён і завяршыліся 25 жніўня.

Інжынеры выкарысталі метад падвойнай праверкі — статычныя і дынамічныя выпрабаванні. Асноўная ўвага была скіраваная на працу кабеляў, галоўнага пралёту, вежаў і анкераў.

На мост, як піша China.com, адначасова заехала спачатку 18, потым 48, а затым 96 цяжкагрузных аўтамабіляў агульнай масай больш за 3300 тон — больш, чым важыць пусты самалёт Airbus A380.

Падчас дынамічных тэстаў аўтамабілі змянялі хуткасць, выкарыстоўвалі тармазныя сістэмы, мадэлюючы рэальныя ўмовы руху. Сотні датчыкаў адсочвалі кожнае нацяжэнне і зрух канструкцыі.

Вынікі праверак пацвердзілі: мост працуе стабільна, усе сістэмы даюць рады нагрузкамі Гэта значыць, ён цалкам гатовы да эксплуатацыі.

Падчас выпрабаванняў. Фота: China News Service / Getty Images

Месца для турыстаў

Мост праз Вялікі каньён Хуацзян — не толькі тэхналагічны, але і архітэктурны шэдэўр. Канструктары надалі яму класічны выгляд з элементамі арт-дэко. Вяршыні вежаў сваёй формай нагадваюць легендарны мост Залатыя вароты ў Сан-Францыска. Самі вежы маюць розную вышыню: паўночная — 262 м, паўднёвая — 205 м.

Канструкцыя адразу праектавалася не толькі як транспартны аб’ект, але і як унікальны турыстычны комплекс.

Першая атракцыя — шкляны ліфт, які падыме наведвальнікаў да вяршыні паўднёвай вежы, дзе размесціцца «Бар і кавярня зорнага неба» паміж асноўнымі апорамі кабеляў, на вышыні каля 183 метраў над дарогай.

Другая — прагулка пад праезнай часткай. Турысты змогуць патрапіць на 800-метровую пешаходную галерэю з празрыстай падлогай, якая створыць эфект хаджэння па аблоках на вышыні ад 224 да 404 метраў.

Фота: VCG / Getty Images

Аматары адрэналіну змогуць скарыстацца пляцоўкай для бандж-джампінгу, якая размесціцца на вышыні амаль 616 метраў.

Акрамя таго, будзе пабудаваны вялікі турыстычны цэнтр, прысвечаны гісторыі каньёна і развіццю кітайскага мостабудаўніцтва. Хто пажадае застацца надаўжэй, змогуць размясціцца ў бунгала з відам на каньён.

Сацыяльна-эканамічнае значэнне

Адкрыццё моста плануецца ў канцы верасня. Яно стане пераломным момантам для жыхароў рэгіёна: падарожжа праз каньён, якое раней займала каля гадзіны, цяпер зойме ўсяго 90 секунд.

Фота: VCG / Getty Images

Для адной з самых бедных правінцый Кітая гэта не толькі эканомія часу, але і новыя магчымасці развіцця гандлю і транспартных сувязяў, росту турыстычнага патоку, стварэнне новых працоўных месцаў.

Як адзначаюць эксперты, сапраўдныя вынікі праекта будуць бачныя праз гады. Усё залежыць ад таго, як улады змогуць кіраваць турыстычнай інфраструктурай і падтрымліваць баланс паміж эканомікай і захаваннем прыроднага ландшафту.

Чытайце таксама:

Адзін з найдаўжэйшых беларускіх мастоў адкрыюць 7 лістапада

Італія плануе пабудаваць найдаўжэйшы падвесны мост у свеце — у Сіцылію

У Мастах з феерверкам адкрылі падвесны мост цераз Нёман 

Каментары да артыкула