БЕЛ Ł РУС

Колькі каштуе даехаць да Вільні ці Варшавы на прыватным трансферы?

28.08.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Пасля адмены часткі аўтобусных рэйсаў з Мінска ў Вільню попыт на трансфер па гэтым кірунку асабліва вырас. А вось прыярытэтчыкі амаль пакінулі чат.

Ілюстрацыйны здымак

Мінск-Варшава

Цана на прыватны трансфер з Мінска, Брэста ці Гродна да Варшавы і іншых польскіх гарадоў будзе залежыць ад адлегласці да патрэбнага месца.

Можна заказаць дадатковыя паслугі — напрыклад, вас сустрэнуць з адмысловай таблічкай у аэрапорце. Таксама трансфер можа давезці пасажыра не толькі да вакзала ці аэрапорта, а наўпрост да дома ці гатэля.

Машына на чатырох чалавек з Мінска да Варшавы будзе каштаваць 380-480 еўра. Калі выбіраць аўто бізнэс-класа, будзе даражэй. 

Скрыншот: onetransfer.by

Скрыншот: vip-mers.by

Скрыншот: taxivminske.by

Некаторыя перавозчыкі абяцаюць пастаянным кліентам праходжанне беларуска-польскай мяжы без затрымак — па-за чаргой.

Раней хутка прайсці мяжу часцей за ўсё атрымлівалася, калі ў салоне быў чалавек з інваліднасцю ці маленькае дзіця. Але ў апошні час схема са спецыяльна запрошанымі льготнікамі можа не спрацаваць — пасля скаргаў падатковая і пагранічнікі сталі правяраць іх. Пагражае штраф і вяртанне ў Беларусь.

У чатах па праходжанні мяжы колькасць аб’яў пра такі праезд за апошні тыдзень значна скарацілася — карыстальнікі заўважаюць:

«Куды ж падзяваліся прыярытэтчыкі? Няўжо ім нарэшце панасоўвалі? Раней праз пост быў прыярытэт, а цяпер — наогул нікога».

Практыка з выкарыстаннем ільготнага статусу для хуткага праходжання мяжы ў пункце «Брэст» ужо скарацілася ў тры разы.

«Наша Ніва» пад выглядам пасажыраў усё ж звязалася з некаторымі кіроўцамі, якія ў тэлеграм-чатах прапануюць праехаць мяжу без затрымак. Як і паведамлялася раней, кошт такой паездкі для адной машыны — 350-400 еўра. Калі ехаць з іншымі незнаёмымі пасажырамі, у кожнага папросяць па 90 еўра.

Механізм у «бізнэсменаў» таксама розны: аднаго пасажыра прыярытэтнага аўто могуць абавязаць знайсці чалавеку з інваліднасцю адваротную машыну ў Беларусь пасля праходжання мяжы, а ў іншым выпадку гэту задачу вырашыць сам кіроўца.

Мадэратары аднаго з чатаў пішуць, што цяпер любых пасажыраў забаронена высаджваць з аўто. Спроба такой высадкі канчаецца штрафам да 40 базавых велічынь і разваротам машыны ў беларускі бок. Таксама ў аўто з прыярытэтам цяпер правяраюць дакументы для заезду ў Польшчу.

Мінск-Вільня

Попыт на трансферы да Вільні ці літоўскіх аэрапортаў павысіўся, калі перавозчыкі адмянілі некаторыя з аўтобусных рэйсаў. У тэлеграме людзі пішуць, што трансфер з Мінска ці з мяжы да Вільні ім асабліва спатрэбіўся, калі скасавалі менавіта іх аўтобус.

«Мы вельмі стрэсавалі, калі за два дні да адпраўлення адмяніўся наш аўтобус, а зводкі навін былі несуцяшальныя».

Цана на трансфер з Мінска да Вільні ніжэйшая, чым да Варшавы, — ад 150 да 300 еўра за машыну.

На гэтым кірунку таксама працуе схема з прыярытэтным праходжаннем мяжы — хаця, як і ў выпадку з Польшчай, прапаноў у тэлеграм-чатах цяпер публікуецца значна менш. Адзін з кіроўцаў назваў цану за прыярытэтны трансфер з пункту «Каменны Лог» да Вільні — 70 еўра.

Скрыншот: onetransfer.by

Скрыншот: taxivminske.by

Скрыншот: vip-mers.by

Чытайце таксама:

Замест двух сутак — 8-9 гадзін. Што чакае пасажыраў аўтобусаў на межах з Еўрасаюзам

«З'ездзілі за дзень 8 разоў». Што робіцца на польскай мяжы, дзе прадавалі выезд без чаргі

На беларуска-польскай мяжы ўзяліся за льготнікаў, якія за грошы дапамагаюць хутчэй праехаць чаргу

Каментары да артыкула