Эстонскі нацыянальны музей — як расказаць усё пра нацыю без войнаў і герояў?
Эстонцы стварылі суперсучасны музей пра сябе і сваю краіну, дзе няпростая гісторыя расказаная праз гісторыі людзей, культуру і дробязі паўсядзённасці. Атрымалася шчырае, сімвалічнае і неймаверна прыцягальнае месца. Расказваем, чым музей асаблівы і што ўразіць беларусаў да глыбіні душы.
Суперсучасны будынак Эстонскага нацыянальнага музея нібы вырастае з узлётнай паласы савецкага аэрадрома. Тут канцэптуальна ўсё — нават месца яго пабудовы і форма сімвалізуюць страту і аднаўленне незалежнасці краіны. Гэта стварае візуальнае і сэнсавае напружанне. Фота: Эстонскі нацыянальны музей.
Суперсучасны будынак Эстонскага нацыянальнага музея нібы вырастае з узлётнай паласы савецкага аэрадрома. Тут канцэптуальна ўсё — нават месца яго пабудовы і форма сімвалізуюць страту і аднаўленне незалежнасці краіны. Гэта стварае візуальнае і сэнсавае напружанне. А ўнутры музея ўсё зусім не такое і не так, як мы звыклі бачыць у традыцыйных экспазіцыях.
Сучасны будынак Эстонскага нацыянальнага музея. Фота: Наша Ніва
Абышоўшы ўвесь невялікі гістарычны цэнтр Тарту і наведаўшы цудоўны гістарычны комплекс універсітэта, дзе вучыліся многія выдатныя беларусы, на Домскай горцы, турыст можа спакусіцца і Эстонскім нацыянальным музеем.
Трапіць туды не кожны, бо музей быццам наўмысна адарваны ад турыстычнага цэнтра, знаходзячыся за ракой, на паўночна-ўсходнім ускрайку горада. І хоць адлегласць не такая і вялікая, каля 2 км, але дарога ідзе пад горку па нічым непрыметнай мясцовасці. Можа пашчасціць злавіць грамадскі транспарт, але, толькі прайшоўшы па прыватным сектары, зарослых бур’яном палях, дзе пасвяцца коні, міма закінутых міжваенных будынкаў аэрадрома, узнікне навязлівае пытанне — чаму тут?
Прычым пытанне тычыцца не толькі месца ў горадзе, але і самога горада — усё галоўнае мусіць быць у сталіцы. Ці не?
Мадэрнісцкі шкляны аб’ём, які працягнуўся паміж палямі і прылескамі, не дае ніякіх адказаў на гэтыя пытанні, наадварот, спараджае новыя: на першы погляд, ён арыентаваны літаральна ўнікуды, парушаючы логіку архітэктурнай кампазіцыі.
Памяшканні музея прасторныя і поўныя святла. На фота: галоўны хол. Фота: Наша Ніва
Крэслы ў выглядзе марскіх каменьчыкаў — напамін, што Эстонія — марская краіна. Фота: Наша Ніва
Вакол музея амаль бязлюдна, унутры велізарнага хола толькі рэдкія агеньчыкі жыцця, раскіданыя па розных кутах — месца быццам сышло са старонак навукова-фантастычных раманаў пра Зямлю будучыні, дзе будзе мала людзей, але будуць высокія тэхналогіі.
Поўныя святла прасторы хола музея перацякаюць у іншыя неэкспазіцыйныя залы і выліваюцца вонкі праз шкляныя сцены. У шкляных калодзежах бачны вадаём, праз які музей перакінуты быццам мост.
Сустрэчы
Цэнтральны праход прыводзіць да дзвярэй экспазіцыйный залы «Сустрэчы», якія самі расчыняюцца перад наведвальнікамі.
Экспазіцыя «Сустрэчы» у Эстонскім нацыянальным музеі. Фота: Наша Ніва
Сцены залы стылізаваныя пад пясок на пляжы ў заліве Пярну ў ціхія дні, які ласкавыя хвалі выгладзілі ў спакойныя грабеньчыкі. Эстонія, нагадаем, гэта марская краіна. У Эстонскім нацыянальным музеі ўсё канцэптуальна: ад дзвярэй да страў у буфеце. Так, крэслы і столікі ў холе стылізаваныя пад каменьчыкі на марскім узбярэжжы. А сярод дэсертаў у музейным буфеце — варыянт з селядцом і цыбуляй.
Сцены экспазіцыйнай залы стылізаваныя пад пясок марскіх пляжаў. На фота — трактар, які працаваў у Эстоніі з пачатку ХХ стагоддзя. Фота: Наша Ніва
Спачатку нічога не зразумела. І толькі заглыбляючыся далей, пачынаеш разумець, што рухаешся ўглыб гісторыі краіны і эстонскага народа.
Экспазіцыя Эстонскага нацыянальнага музея прынцыпова пачынаецца не з дагістарычных часоў, а з падзей нядаўняй гісторыі. Наведнік спачатку сутыкаецца з экспанатамі — і не толькі экспанатамі, але і падзеямі — ХХІ і ХХ стагоддзя, а пасля паступова нібы заглыбляецца ў гісторыю і традыцыі краіны, даходзячы ўрэшце да артэфактаў каменнага веку.
Выцягнутая зала гэта храналогія, яна магістральнай лініяй працяе наскрозь музей, канчаючыся дзесьці звонку.
На адным з першых стэндаў — майкі і кашулі з пратэставымі надпісамі, у якіх студэнты Тарту выйшлі на першамайскую дэманстрацыю ў 1987 годзе. З таго моманту пачаўся рух за незалежнасць. У гэтым месцы падумалася: так некалі ў беларускім Нацыянальным музеі за шклом будуць выстаўленыя плакаты і сукенка БЧБ-нявесты 2020-га. Фота: Наша Ніва
На адным з першых стэндаў — майкі і кашулі з пратэставымі надпісамі, у якіх студэнты Тарту выйшлі на першамайскую дэманстрацыю ў 1987 годзе. З таго моманту пачаўся рух за незалежнасць. У гэтым месцы падумалася: так некалі ў беларускім Нацыянальным музей за шклом будуць выстаўленыя плакаты і сукенка БЧБ-нявесты 2020-га.
І ў той жа час адна з першых залаў прысвечаная сучасным дзецям. На экранах паказваюць зафіксаваныя на відэа гульні эстонскіх дзяцей пачатку ХХІ стагоддзя. Канцэпцыю Эстонскага нацыянальнага музея вылучае ўвага да штодзённага жыцця. Гэтая «эстонскасць» у яе штодзённых пабытовых праявах — у цэнтры канцэпцыі гісторыі. Не палкаводцы, не войны, а жыццё розных — простых і няпростых — людзей у розныя часы.
Адна з першых залаў прысвечаная сучасным дзецям. На экранах паказваюць зафіксаваныя на відэа гульні эстонскіх дзяцей пачатку ХХІ стагоддзя. Канцэпцыю Эстонскага нацыянальнага музея вылучае ўвага да штодзённасці людзей, да штодзённага жыцця. Фота: Наша Ніва
Узаемадзеянне з гісторыяй
Экспазіцыя спалучае мноства аўтэнтычных артэфактаў, сучасных інсталяцый і інтэрактыву.
Варта адзначыць асобна — уся дэталёвая інфармацыя ў музеі даступная не толькі па-эстонску, англійску і руску, але і на ўкраінскай, латышскай, фінскай, шведскай ды іншых мовах. Кожны чалавек сам выбірае, на якой мове чытаць: досыць правесці сваім білетам каля экрана. Электронныя этыкеткі могуць змяшчаць не проста каталожныя даныя, але цэлыя гісторыі, звязаныя з тэмай той ці іншай вітрыны.
Інтэрактыўныя элементы абсалютна розныя: дзесьці вельмі якасныя ролікі даюць азнаёміцца з гісторыяй савецкага калгаса, падзей на мызе часоў Рэвалюцыі 1905 года і з судовым працэсам над вядзьмаркамі — апошняе асаблівае адкладаецца ў памяці.
Сервіз беларускі Элы Прусавай, якая выйшла замуж у Эстонію ў 1991 годзе. Фота: Наша Ніва
Насуперак стэрэатыпам, якія шырыць расійская і лукашэнкаўская прапаганда, Эстонскі нацыянальны музей паказвае гісторыю розных людзей і народаў, якія жывуць у краіне, розныя лёсы. На фота вышэй: сервіз беларускі Элы Прусавай, якая выйшла замуж у Эстонію ў 1991 годзе. Ёй яго падарыла мама. Побач у экспазіцыі — вышыванка мігранта з Расіі з украінскімі каранямі.
Экспазіцыя пра людзей
Азнаёміцца з усім задача амаль непасільная, тым больш, што сама структура музея патрабуе даследавання. У музеі выстаўлена мноства рэчаў — кожная са сваёй гісторыяй. Ці то кошык, з якім аднаго з герояў экспазіцыі выпраўлялі на бульбу ва ўніверсітэце, ці то пластыкавыя пакеты 1980-х, аб’екты зайздрасці і перапродажу, праз якія эстонцы адкрывалі для сябе заходнюю маскультуру, ці то самаробная газонакасілка часоў усеагульнага дэфіцыту як прыклад крэатыўнасці і ўмення выжываць: яна верай і праўдай праслужыла эстонскаму вынаходніку 25 гадоў.
У экспазіцыі Эстонскага нацыянальнага музея можна адшукаць самыя нечаканыя рэчы. На гэтых фота: кошык, з якім аднаго з герояў экспазіцыі выпраўлялі на бульбу ў савецкім ўніверсітэце; пластыкавыя пакеты 1980-х, аб’екты зайздрасці і перапродажу, праз якія эстонцы адкрывалі для сябе заходнюю маскультуру; эстонская энцыклапедыя, якую кожная сям'я лічыла за гонар мець. Фота: Наша Ніва
У адной прасторы можна пабачыць і камень-ахвярнік, адкапаны падчас дарожных работ Таліна, на які наведнікі сталі класці манеты, і першыя трактары і ровары ў Эстоніі, эстонскія аналагі «Нашай Нівы» і «Нашай Долі» і поўны збор савецкай Эстонскай энцыклапедыі, мець якую было справай гонару для кожнай эстонскай сям’і.
Камень-ахвярнік быў знойдзены падчас дарожных работ у Таліне. Наведвальнікі пачалі класці на яго манеты. Фота: Наша Ніва.
Эстонскія «Нашы Нівы» і «Нашы Долі». Фота: Наша Ніва
Часта экспанатамі служаць самі гісторыі, як, напрыклад, гісторыя міграцый і дэпартацый ХХ стагоддзя, якая адлюстраваная ў трох фільмах, знятых на аснове ўспамінаў людзей з рознымі лёсамі.
Адна з залаў прысвечаная традыцыйным стравам. Фатографы зафіксавалі працэс іх гатавання звычайнымі людзьмі: іх імёны і месца пражывання пазначаныя. На адным з кадраў жанчына каштуе фарш на соль для галубцоў.
Адна з залаў прысвечаная традыцыйным стравам. Фатографы зафіксавалі працэс іх гатавання звычайнымі людзьмі: іх імёны і месца пражывання пазначаныя. Фота: Наша Ніва
У бок ад лініі храналогіі і ўглыб музея зацягваюць нязведаныя прасторы, у якіх лёгка і прыемна заблукаць. У цёмных кулуарах асноўнай залы можна пагрузіцца ўнутр тэматычных цыліндраў, прысвечаных вайне, забруджванню, эпідэміям, з кучай дробных экспанатаў і экранаў.
Зала з адкрытым экспанаваннем соцень свяцільняў, а пад нагамі — шкляная падлога з музейным сховішчам, дзе выстаўлены калёсы, вазы і сані. Фота: Наша Ніва
Тут ёсць залы, якія нагадваюць сховішчы адкрытага тыпу — у адной з іх выстаўлены сотні і сотні свяцільняў, ад такарскіх падсвечнікаў і вулічных ліхтароў да старасвецкіх лямпаў з фігурнымі абажурамі. А пад нагамі шкляная падлога, дзе бачнае ўжо сапраўднае музейнае сховішча, дзе захоўваюцца розныя вазы і санкі. Ці асобная зала з традыцыйнымі вязанымі шкарпэткамі й рукавіцамі, пад кожнай з якіх — імя аўтара.
Зала з мноствам вязаных рукавіц і шкарпэтак. Фота: Наша Ніва
Ёсць залы гульнявыя, дзе дзеці і дарослыя могуць патрымаць у руках старадаўнія рэчы, якія адкрыта ляжаць на паліцах, або пабачыць зразумелую храналагічную стужку, дзе падзеі эстонскай гісторыі і сусветнай паказаныя побач.
Калекцыя апалонікаў у музеі. Фота: Наша Ніва
Закуткі нацыянальнай культуры
Урэшце наведвальнік так ці інакш патрапіць у шырокую прастору, якая ідзе паралельна асноўнай храналогіі. Але тут няма ніякай храналогіі, яна пра вечнае — пра нацыянальную культуру.
Жывыя манекены ў народных эстонскіх строях. Фота: Наша Ніва
Тое, як яна прадстаўлена, выклікае захапленне — нідзе раней не бачыў, каб манекены ў народных строях не проста стаялі як ёлупы, не, у гэтым музеі яны застылі ў моманце жыцця — у сустрэчы з сяброўкай, у скоках, у падзенні, пагражаючы камусьці кулаком, седзячы на падлозе, разглядаючы птушак у небе. А што, і так можна было?
Калаж і фота: Наша Ніва
Ёсць тут усё тое, што можна знайсці ў правінцыйным беларускім музеі — драўляная мэбля, прылады працы, конская збруя і іншае — і ў вялікай колькасці. Але ўсё прадстаўлена неяк інакш: не за шклом, а ў кампазіцыях, не адзін асобнік на сцяне, а цэлая калекцыя самых розных варыянтаў адной рэчы.
Манекен каня, які дазваляе разгледзець, як была сканструявана конская збруя. Фота: Наша Ніва
Пабачыўшы манекен каня ў конскай збруі, нават задумаўся: а дзе такое можна пабачыць у «сялянскай» Беларусі? Чамусьці беларускія музеі ўпэўненыя, што гарадскія дзеці ведаюць, што такое хамут і куды каню ўстаўляюцца аглоблі. І дарма, не ведаюць нават дарослыя.
Побытавыя эстонскія рэчы ад куфраў да посуду. Фота: Наша Ніва
Самай незвычайнай часткай экспазіцыі, якая сфарміравала канчатковае ўражанне ад усяго музея, сталі невялікія памяшканні, прысвечаныя эстонскай мове. Тут няма ніякіх кніжачак за шклом, рэпрадукцый партрэтаў аўтараў першых граматык — толькі жывы кантакт з мовай.
У адным з памяшканняў стаіць гул тысяч галасоў, у якім не разабраць слоў, пасярод пакоя — камень-пульт кіравання, ад якога адыходзіць пук правадоў. Кожная кнопка на гэтым пульце — гэта запіс пэўнай гаворкі ў Эстоніі ці запіс роднаснай да эстонскай фіна-ўгорскай мовы. Адзін націск — і гасне сотня лямпаў, пакідаючы ззяць толькі адну, а гул саступае аднаму голасу.
Футурыстычныя залы, прысвечаныя «космасу» эстонскай мовы. Фота: Наша Ніва
У цэнтры другога памяшкання — незразумелы механізм са шклянымі колбамі зверху, унізе на педалях — галосныя гукі эстонскай мовы. Націск нагі — і з колбы, якая ўнутры нарэзаная адмысловым чынам, вырываецца працяглы эстонскі гук.
Рэха Урала
Другая вялікая экспазіцыя музея, «Рэха Урала», ставіць амбіцыйную задачу прэзентаваць усю сям’ю фіна-ўгорскіх і самаедскіх народаў — не тых, што маюць свае дзяржавы, а менавіта «бездзяржаўных», раскіданых па велізарных прасторах Расіі.
Бездзяржаўныя фіна-ўгорскія народы і дрэва ўральскай моўнай сям'і ў экспазіцыі «Рэха Урала». Фота: Наша Ніва
Наведнікаў сустракае зала, якая знаёміць з геаграфіяй гэтых народаў і моўным дрэвам, якое іх яднае: яно дазваляе пачуць словы, якія паходзяць з аднаго агульнага кораня, у розных мовах гэтай сям'і, якія паказаныя літаральна як лісце гэтага дрэва.
Інтэрактыўная рака часу. Фота: Эстонскі нацыянальны музей
Традыцыйная культура фіна-ўгорскіх народаў на тэрыторыі Расіі. Фота: Эстонскі нацыянальны музей
Далей па лесвіцы спускаешся ўніз, нібы ў раку часу. Інтэрактыўная рака пад нагамі пераносіць наведвальнікаў ад аднаго рэгіёна да іншага, ад комі і ўдмуртаў з іх хатамі і гумнамі, да марыйцаў і эрзі з сцэнамі вяселля. За імі — карэлы, вепсы, водзь і лівы са сваімі лазнямі, і нарэшце поўнач з саамскім чумам, лясным лагерам ханты і мансійскім абрадам сватання.
Мардоўскія кадзі для пасагу. Фота: Наша Ніва
Традыцыйнае жытло аднаго з фіна-ўгорскіх народаў. Фота: Наша Ніва
Сапраўдны цуд, што менавіта ў гэтым музеі здолелі сабраць артэфакты самых аддаленых ці малалікіх народаў. З гэтых розных фрагментаў культуры і гісторыі складваецца вялікая і вельмі разнастайная мазаіка ўральскай сям’і народаў.
Адказы на пытанні
З шырокіх шкляных сцен музейнага кафетэрыя адкрываецца від не толькі на ручай, але і на рэшткі былога маёнтка Раадзі. Менавіта сюды ў 1922 годзе пераехаў Эстонскі нацыянальны музей, заснаваны яшчэ ў 1909-м. Але ў 1944 годзе падчас баёў за Тарту будынак сядзібы згарэў у пажары, а тэрыторыю перадалі савецкай арміі. Вяртанне музея ў Раадзі праз многія дзесяцігоддзі — гэта вяртанне на ўласнае гістарычнае месца, хай сабе і не такое зручнае, як у цэнтры горада, але сімвалічнае з пункту гледжання змагання эстонскага народа за сваю незалежнасць.
Авіяцыйныя ангары, якія сустракаюць наведвальнікаў на шляху да музея. Першы аэрадром у Раадзі стварыў уласнік маёнтка барон Ліпхарт перад Першай сусветнай вайной. У часы незалежнасці тут размяшчалася 2-я эскадрылля авіяпалка, а ў часы савецкай акупацыі аэрадром быў ператвораны ў адну з найбуйнейшых авіябаз Усходняй Еўропы. Фота: Наша Ніва
Другая прычына — гэта вайсковы аэрадром, які ўзнік тут яшчэ перад Першай сусветнай, а ў другой палове ХХ стагоддзя ператварыўся ў адну з найбуйнейшых савецкіх авіябаз Усходняй Еўропы. Тут базаваліся дальнія бамбардзіроўшчыкі і цяжкія транспартныя самалёты, а Тарту доўгі час заставаўся горадам, закрытым для замежнікаў. Аэрадром стаў увасабленнем савецкага мілітарызму і акупацыйнай прысутнасці.
У яго гісторыі ёсць і адзін незвычайны эпізод: 17 красавіка 1988 года падчас дзён аховы помнікаў у Тарту на Раадзі адбылася экскурсія з патрабаваннем вызваліць тэрыторыю Раадзі і аднавіць у маёнтку Эстонскі нацыянальны музей. Паколькі тэрыторыя маёнтка і аэрадром належалі Савецкай арміі, за дзеяннямі людзей сачылі ўзброеныя вайскоўцы. Але камандзір 326-й цяжкай бамбардзіровачнай дывізіі Джахар Дудаеў, будучы прэзідэнт Чачні, забараніў адкрываць агонь па ўдзельніках.
Пасля распаду Савецкага Саюза мясцовы музей вярнуў сваю гістарычную назву, а тэрыторыя аэрадрома Раадзі перастала быць стратэгічным вайсковым аб’ектам. Тады і ўзнікла думка вярнуць сюды Нацыянальны музей, які дзесяцігоддзямі быў вымушаны туліцца ў розных будынках Тарту.
І хоць шлях ад першых абмеркаванняў да рэальнага ўвасаблення зацягнуўся на гады, у 2016-м музей урэшце распачаў новую гісторыю на Раадзі — ужо ў выглядзе сучаснага архітэктурнага комплексу, што стаіць на месцы колішняй савецкай авіябазы.
Будынак Эстонскага нацыянальнага музея літаральна вырастае з узлётна-пасадачнай паласы савецкай авіябазы. Фота: Эстонскі нацыянальны музей.
Выцягнуты прамавугольнік будынка музея літаральна вырастае з колішняй узлётна-пасадачнай паласы — і гэта тлумачыць яго дзіўнае размяшчэнне ў прасторы, якое цяжка ўсвядоміць, пакуль не ўбачыш сітуацыю з паветра.
Тое, што працяг савецкага аэрадрома перакінуты праз ручай, выглядае як вострая алюзія на сутыкненне ў гэтым месцы традыцыйнага нацыянальнага эстонскага ландшафту і няпростай, брутальнай гісторыі XX стагоддзя.
Гледзячы на гэты сімвалізм, згадваеш будучы Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. Яго плануюць узвесці насупраць рэзідэнцыі Лукашэнкі — там, дзе раней быў толькі парк забаў «Дрымлэнд». Адзінай архітэктурнай разынкай, якую аўтары здолелі ў спешцы дадаць, будзе форма межаў Беларусі.
У Мінску не было мастацкіх пошукаў, не было спроб вынайсці вобраз — толькі дырэктыўны загад паставіць музей у гэтым месцы. І лёгка ўявіць, што будзе ўнутры: не жывы дыялог з гісторыяй, а чарговая выстава ідэалагічных штампаў і прапаганды. Эстонскі музей паказвае нам, як можа быць інакш.