«Вайсковай падаплёкі няма, да вайны не рыхтуем». У школах расказалі пра навучанне дзяцей кіраванню дронамі
«Беспілотнікі ўжо перасталі быць нейкай экзотыкай. Укараненне іх ідзе паўсюдна», — заявіў надоечы падпалкоўнік, які ў беларускім войску адказвае за развіццё беспілотных авіяцыйных комплексаў. Ён пахваліўся, што ў нашай краіне наладзілі навучанне аператараў дронаў яшчэ са школы. Адпаведныя клубы працуюць у Мінску і Бярозе. Тэлеканал «Белсат» пазваніў у гэтыя школы, каб спытаць, ці рыхтуюць там дзяцей да вайны.
Фота ілюстрацыйнае
Дзяніс Дудкін з Упраўлення выкарыстання і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных сілаў Беларусі ў інтэрв'ю дзяржаўным медыям расказаў, як у нашай краіне рыхтуюць аператараў дронаў. Ён адзначаў, што сістэма навучання наладжаная паводле цыклу: школа — Вайсковая акадэмія ці вайсковы факультэт — войска.
У якасці прыкладу ён згадаў спецыялізаваныя класы ў Бярозе Брэсцкай вобласці і Мінску.
«Менавіта а школьнай парты ў дзяцей нараджаецца любоў да авіяцыі, у гэтым выпадку — беспілотнай авіяцыі. Дзеці хутчэй схопліваюць гэтыя навыкі. Яны паказваюць пэўную крэатыўнасць. Часам дзеці падказваюць нам, як можна выкарыстаць той ці іншы лятальны апарат», — прызнаўся падпалкоўнік.
У школе №2 Бярозы дзяцей навучаюць кіраваць дронамі ў вайскова-патрыятычным клубе «МІГ», адкрытым яшчэ ў кастрычніку 2023 года.
«Наш клуб курыруе наша авіяцыйная база 927-я. Яны нашыя шэфы. Мы маем чым кіраваць, з чым працаваць, бо ў нас ёсць інжынерна-тэхнічны цэнтр», — расказалі ў школе карэспандэнтцы «Белсата» як прыватнай асобе.
У гэтай установе вучні трэнуюцца як на камп'ютарных сімулятарах, так і з сапраўднымі дронамі, дзеці ездзяць і да вайскоўцаў на авіябазу і на паказальныя выступы:
«Там яны праз кольцы пралятаюць: сеў, узняўся, праляцеў, як у цырку. Мы заўсёды выступаем на пляцоўках, дзе робаты і беспілотнікі, гэта наша тэма. У нас ёсць, калі не памыляюся, чатыры мадэлі, адзін гіганцкі беспілотнік. Шэфы абяцаюць нам новыя яшчэ».
Сябры вайскова-патрыятычнага клуба «МІГ» трэнуюцца кіраваць дронамі ў школе №2 гораду Бяроза. Фота: bereza.by
З новага навучальнага года ў дадатак да гэтага вайскова-патрыятычнага клуба і класа робататэхнікі ў бярозаўскай школе адкрыюць факультатыў «Асновы кіравання квадракоптарам», анансаваны Міністэрствам адукацыі ў траўні. Акрамя таго, там плануюць адкрыць яшчэ адзін вайскова-патрыятычны клуб — для малодшых класаў.
Суразмоўца «Белсата» паведаміла таксама, што дзяцей у школе навучаюць не толькі кіраваць дронамі, але і збіраць гэтыя апараты. Пры гэтым яна запярэчыла, што падлеткаў мэтанакіравана рыхтуюць да службы ў войску або да вайны:
«Вы жартуеце? У нас тут інжынерна-тэхнічны кірунак. І ўсё добраахвотна. Калі паступаць на вайскоўца, то возьмеце характарыстыку, у плюс будзе. Але гэта не абавязкова. Аніякай вайсковай падаплёкі тут няма. І ідэалогія — без фанатызму».
У мінскай школе №64 навучанне кіраванню беспілотнікамі ладзяць у вайскова-патрыятычным клубе «Сірыус», што адкрылі ў снежні летась. Туды бяруць і трэцякласнікаў, расказалі ў школе карэспандэнтцы «Белсата», якая звярнулася па інфармацыю як прыватная асоба:
«Малыя дзеці навучаюцца хутчэй за старэйшых. У нас ёсць асобны кабінет сумесна з Міністэрствам абароны і Акадэміяй авіяцыі. На камп'ютарах ёсць сімулятары, што паказваюць працу дрона. Плюс акуляры, плюс самі дроны. Вось хутка будуць спаборніцтвы з пераадольваннем беспілотнікамі перашкодаў».
Дроны для навучання ёсць і ў школе, іх падарыў завод «Пеленг», часамі дзеці ездзяць у Акадэмію авіяцыі, заняткі праводзяць курсанты. Бяруць у клуб не ўсіх:
«Патрэбен сярэдні бал 7 і вышэй, у дзіцяці мусяць быць выдатныя паводзіны. То бок дзіця мусіць годна, скажам так, сябе паказаць».
Пасля навучання ў «Сірыусе» школьнікі могуць пайсці не толькі ў вайсковыя ўстановы, паведамілі ў школе:
«Дзеці, якія былі выхаванцамі клуба, сёлета атрымалі мэтавае накіраванне ад «Пеленга», яны паступілі ў БДУІР, яшчэ дзіця паступіла на радыёфізічны факультэт БДУ. Дамовы ў нас падпісаныя не толькі з Акадэміяй авіяцыі, але і з іншымі ВНУ».
Суразмоўца «Белсата» падкрэсліла, што сілком у клуб нікога не цягнуць: «Ніхто нікога шэрагамі не вядзе».
Прадстаўніца школы таксама запэўніла, што дзяцей не рыхтуюць да вайны. Маўляў, дроны ж выконваюць не толькі вайсковыя функцыі:
«На сімулятарах няма нейкіх баявых дзеянняў, элементаў, што страляюць. Дрон не пераследуе людзей на сімулятары. У прынцыпе, дроны ж выкарыстоўваюцца і ў мірных мэтах: яны і дождж выклікаюць, напрыклад, у Егіпце ці Дубаі, яны кроў перавозяць, вывучаюць зямлю, лясы ў нейкіх недаступных месцах. Таму ніхто ні ў якім разе не кажа менавіта пра вайсковую службу або нейкія ваенныя дзеянні. Тут вывучэнне мясцовасці, пасадка, напрыклад, знайсці канкрэтную кветку на полі, дробны элемент на галінцы».
Чытайце таксама:
Беларускіх школьнікаў будуць вучыць кіраваць дронамі
Пасля зацішша ў Гомельскай вобласці зноў пачулі дроны: што вядома
У Беларусі паведамілі пра стварэнне комплексу для прагназавання атак дронаў
У Прыднястроўі маглі рабіць дроны з беларускага шкловалакна праз чэшскую кампанію
«Не магу проста сядзець і нічога не рабіць». Гутарка з самым маладым ваяром палка Каліноўскага