БЕЛ Ł РУС

«Не бачыў іншага выйсця». Бацька праз суд вырашыў адмовіцца ад праблемнага сына

26.08.2025 / 11:24

Nashaniva.com

У Мінску адбыўся незвычайны суд аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Ініцыятарам працэсу стаў сам бацька — ён падаў заяву аб добраахвотнай адмове ад 16-гадовага сына. Прычынай такога рашэння сталі складаныя адносіны, піша «Мінск-Навіны».

Бацькі 16-гадовага юнака ніколі не былі ў шлюбе, з нараджэння да 6 гадоў ён жыў з маці ў Вілейцы. Нягледзячы на тое, што на яе ўтрыманні было трое дзяцей (ад розных бацькоў), жанчына вяла амаральны лад жыцця. Некалькі разоў яна нават спрабавала здзейсніць суіцыд на вачах у дзяцей — яны ўтрымлівалі маці, каб яна не скокнула з акна.

Калі жанчына памерла ад цяжкай хваробы, шасцігадовага хлопчыка бацька забраў у Мінск, але адносіны ў іх не склаліся.

Пераходны ўзрост, папярэднія ўмовы жыцця, адхіленні ў паводзінах — юнак некалькі разоў праходзіў лячэнне ў РНПЦ псіхічнага здароўя — адбіліся на адносінах. Падлетак мог пайсці ў школу і вярнуцца праз тры дні. Ён часта сыходзіў з дому — яго шукалі бацька, педагогі, міліцыя. Быў заўважаны ва ўжыванні алкаголю. 

У чарговы раз, калі падлетак сышоў з дому, бацьку патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі і сказаў, што сына знайшлі і яго трэба забраць. У РУУС юнаку прапанавалі пагаварыць з бацькам, але той толькі нецэнзурна выказаўся пра бацьку.

Пасля гэтага выпадку 47-гадовы мужчына напісаў заяву пра добраахвотную адмову ад сына, што і стала падставай для пазбаўлення яго бацькоўскіх правоў.

— Бацька юнака афіцыйна працаўладкаваны, не ўжывае алкаголь, у кватэры стварыў усе ўмовы для сына, але не спраўляўся з яго выхаваннем — школу хлопец прагульваў, спортам займацца адмаўляўся, нічым не цікавіўся, — расказвае старшы памочнік пракурора Савецкага раёна Таццяна Літвінчук. — На судовым пасяджэнні бацька згадаў выпадак, калі пасля чарговага іх канфлікту сын падгаварыў старэйшых хлопцаў, каб тыя збілі мужчыну.

Падлетак, у сваю чаргу, казаў, што не хоча, каб бацьку пазбаўлялі бацькоўскіх правоў, што яму дома лепш, чым у прытулку, не адмаўляў, што тата клапаціўся пра яго.

Мужчына падзякаваў яму за такія словы, адзначыўшы, што раней нічога, акрамя нецэнзурных слоў на свой адрас, не чуў.

Ён прызнаўся: рашэнне напісаць адмову ад сына яму далося няпроста, але іншага выйсця ён не бачыць.

Суд прыняў рашэнне пазбавіць мужчыну бацькоўскіх правоў. Але рашэнне суда ў законную сілу не ўступіла.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула