БЕЛ Ł РУС

Мерц: Дзяржава ўсеагульнага дабрабыту фінансава нежыццяздольная

25.08.2025 / 23:2

Nashaniva.com

Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц заявіў, што сістэма сацыяльнай дзяржавы ў яе цяперашнім выглядзе стала фінансава нежыццяздольнай. Паводле праекта бюджэту Германіі на 2026 год, дэфіцыт складае каля 30 мільярдаў еўра. ХДС/ХСС і СДПГ, якія ўваходзяць у кіроўную кааліцыю, згодныя з патрэбай рэформаў, але прапануюць розныя шляхі іх правядзення, паведамляе Euronews.

Фрыдрых Мерц. Фота: Omer Messinger/Getty Images

Фрыдрых Мерц падкрэсліў, што ён не дапусціць павышэння падаткаў, якое прасоўваюць сацыял-дэмакраты, бо гэта створыць дадатковы ціск на сярэдні клас. Замест гэтага ён прапануе перагляд міграцыйнай палітыкі: прыцягненне працоўных мігрантаў замест тых, хто шукае сацыяльную дапамогу.

Ён адзначыў, што колькасць хадайніцтваў аб прытулку ўжо знізілася, што пацвярджае правільнасць узятага курсу.

Сацыял-дэмакраты, у сваю чаргу, настойваюць, што скарачэнне сацыяльных выплат недапушчальнае.

Лідар маладзёжнага крыла партыі Філіп Цюрмер заявіў, што гэта «чырвоная лінія», пераходзіць якую нельга. Генеральны сакратар СДПГ Цім Клюсэндорф нават назваў заявы Мерца больш рытуальнай рыторыкай для з’езда ХДС, чым рэальным планам.

Дэбаты засведчылі, што партнёры па ўрадавай кааліцыі пакуль не гатовыя да сур’ёзнага кампрамісу. Сам Мерц прызнаў, што ўсіх «восенню чакае цяжкая праца» і заклікаў як саюзнікаў, так і ўласных аднапартыйцаў гаварыць паміж сабой, а не толькі крытыкаваць адзін аднаго.

Чытайце таксама:

Ультраправыя ў Германіі апярэдзілі блок Мерца па папулярнасці

Германія замарозіла экспарт зброі ў Ізраіль у адказ на планы акупаваць сектар Газа

У Германіі рыхтуюць скарачэнні сацыяльных выплат: беспрацоўныя жывуць лепш за тых, хто працуе

Мерц змог пераканаць Трампа пры дапамозе «дыпламатыі чэкавых кніжак»

Каментары да артыкула