БЕЛ Ł РУС

Пасля канцэрта Каржа з Польшчы дэпартавалі трох беларусаў

25.08.2025 / 19:16

Nashaniva.com

Адзін беларус выехаў добраахвотна, двух выслалі прымусова, піша «Белсат».

Фота: паліцыя Варшавы

За парушэнні на канцэрце Макса Каржа ў Варшаве з Польшчы дэпартавалі трох грамадзян Беларусі.

У Памежнай ахове Польшчы не патлумачылі, у якую краіну выехалі беларусы.

«Польшчу пакінулі 23 замежныя грамадзяніны (20 грамадзян Украіны і 3 грамадзяніны Беларусі), 13 з іх былі высланыя прымусова, 10 выехалі добраахвотна. Два грамадзяніны Беларусі дэпартаваныя прымусова, адзін выехаў добраахвотна», — паведамілі памежнікі.

У Памежнай ахове запэўнілі, што абавязкова правяраюць, ці бяспечна гэтым людзям вяртацца на радзіму.

«Кожны раз у ходзе разбіральніцтва па справе аб абавязку іншаземца вярнуцца ў яго краіну абавязкова вывучаецца, ці існуе пагроза для жыцця, свабоды і бяспекі і ці можа іншаземец падвяргнуцца катаванням і бесчалавечнаму стаўленню. Працэдуры памежнай службы гарантуюць, што не будзе прымусовага абавязку вяртання, калі існуе пагроза жыццю або здароўю іншаземца», — адзначылі ў ведамстве.

Даныя пра 30 фанатаў Каржа, затрыманых на канцэрце, ужо ўключаныя ў польскую базу непажаданых асоб, а таксама ў спецыяльную сістэму Шэнгенскай зоны «з мэтай адмовы ва ўездзе і знаходжанні з меркаванняў аховы бяспекі і грамадскага парадку».

У сярэдзіне жніўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што было прынята рашэнне аб высылцы адносна 63 чалавек: 6 грамадзян Беларусі і 57 грамадзян Украіны.

9 жніўня перад пачаткам канцэрта Макса Каржа на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве частка гледачоў пачала саскокваць з сядзячых месцаў на танцпол. Іх спрабавалі спыніць работнікі аховы. Пазней была прыцягнутая паліцыя, каб не дапусціць далейшых інцыдэнтаў.

Па выніках канцэрта варшаўская паліцыя паведаміла, што былі затрыманыя 109 чалавек. 50 чалавек аштрафаваныя на агульную суму ў 11 450 злотых (каля 3 135 даляраў). Да гэтага на вечарыне прыхільнікаў Коржа ў раёне Воля, якая прайшла перад канцэртам, былі затрыманыя 9 чалавек. 25 чалавек аштрафавалі.

Чытайце таксама:

У Gazeta Wyborcza з'явіўся зварот палякаў да Туска, у якім рэзка асуджаюцца дэпартацыі пасля канцэрта Каржа

У Польшчы пачалі дэпартаваць затрыманых на канцэрце Макса Каржа

«На канцэртах няма месца радыкальнаму нацыяналізму, агрэсіі і гвалту». Макс Корж выказаўся наконт скандалу, які разгарэўся пасля яго выступу ў Варшаве

Шасцярых беларусаў і 57 украінцаў высылаюць з Польшчы пасля інцыдэнтаў на канцэрце Макса Каржа

Каментары да артыкула