Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі
Калегам з піяр-агенцтва ён сказаў, што просіць адгул па асабістых справах, жонцы — што трэба ад'ехаць па рабоце. А сам прапаў. Меркавана — пасля вылету ў Турцыю. Пасля ўцёкаў з Беларусі ў 2020-м Анатоль Котаў разгарнуў дзейнасць у Польшчы, прымкнуў да мэйнстрымных палітыкаў, стаў правай рукой Паўла Латушкі. Але потым «цалкам выйшаў з даверу» і спрабаваў стварыць кааліцыю з Валерыем Цапкалам і Вольгай Карач.
Анатоль Котаў. Фота: Міра Лесялішская / Белсат
Пра затрыманне Анатоля Котава ў Турцыі першым паведаміла выданне Reform.news у ноч на 24 жніўня. Праўда, потым выданне сябе абвергла.
«Я не магу пацвердзіць, гэта лжывая інфармацыя», — сказаў Reform.news Аляксандр Апейкін, сябар Котава. Жонка Котава Настасся «была абураная публікацыяй, але адмовілася яе каментаваць».
Але рэальнасць наступная: Котаў калі і не затрыманы ў Турцыі — гэтай часткі гісторыі мы пакуль не ведаем, — то прынамсі загадкава знік у трэцяй краіне пасля вылету з Еўрасаюза.
Як вядома «Нашай Ніве», Анатоль Котаў перастаў выходзіць на сувязь у чацвер, 21 жніўня.
Знаёмыя супакойвалі сябе тым, што, магчыма, ён канспіратыўна сустракаецца з кімсьці — Котаў ствараў сабе імідж важнага дзеяча, — для чаго, маўляў, і спатрэбілася адмовіцца ад дэвайсаў.
У Варшаве Котаў працуе ў івэнт-агенцтве Terra Group.
Сваім калегам па івэнт-агенцтве Котаў сказаў, што просіць адгул для камандзіроўкі па асабістых справах, жонцы — што трэба ад'ехаць па працы.
Але з чацвярга, 21 жніўня, Котаў не толькі не аб'явіўся ў сацыяльных сетках — у ягоным тэлеграм-акаўнце цяпер напісана, што «быў анлайн цягам тыдня» — але і не вярнуўся ў Польшчу самалётам у нядзелю, 24 жніўня, як тое было запланавана.
Таксама «Нашай Ніве» вядома, што ў польскія органы сябры Котава ўжо падалі заяву аб знікненні чалавека. Такую самую даводзілася пісаць, калі прапала спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Яна так і не знайшлася.
Анатоль Котаў. Фота: НАК
Сам Анатоль Котаў — былы беларускі чыноўнік сярэдняй рукі, даўні знаёмы Паўла Латушкі. Пасля выпуску з расійскага МГІМО Котаў працаваў у сакратарыяце Савета Рэспублікі, пасля пайшоў па дыпламатычнай лініі.
Котаў, як і Латушка, працаваў пасольстве Беларусі ў Варшаве. На другараднай пасадзе другога сакратара.
Было некалькі хваляў высылкі з Польшчы беларускіх дыпламатаў у адказ на высылку сваіх дыпламатаў з Мінска. Падчас першай хвалі такім высланым быў Максім Рыжанкоў, падчас другой, як успамінаюць польскія дыпламаты, быў Котаў.
Высланага Рыжанкова прызначылі начальнікам у беларускі Нацыянальны алімпійскі камітэт, а Котаў, пазней, стаў там ягоным намеснікам.
Потым Котаў апынуўся ў дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў, пасля быў паніжаны да намесніка начальніка аднаго з аддзелаў у Кіраўніцтве спраў Лукашэнкі.
Анатоль Котаў падчас працы ў дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў. Фота: Анлайнер
У 2020 Котаў адтуль пайшоў, не пагадзіўшыся з палітыкай Лукашэнкі, і выехаў у Польшчу, дзе стаў правай рукой Паўла Латушкі.
Імаверна, менавіта на фонд Котава, які ў таго быў, а ў Латушкі — не было, і паступалі грошы на дзейнасць НАУ. Але старыя знаёмыя ў выніку разышліся менавіта па фінансавых прычынах і дагэтуль судзяцца за грошы.
Чытайце таксама: Латушка прызнаўся, што ўжо некалькі гадоў судзіцца са сваім былым паплечнікам Анатолем Котавым
Котаў жа ў 2021-м знайшоў новых саюзнікаў і стаў адным з арганізатараў Форума дэмакратычных сіл — разам з Валерыем Цапкалам, Вольгай Карач і іншымі дзеячамі. У Беларусі кожнаму з іх урэшце завочна прысудзілі па 12 гадоў зняволення і гіганцкія штрафы. Котаў атрымаў 600 тысяч рублёў штрафу.
У сітуацыі з Котавым шмат няяснага — і гэтым яна нагадвае сітуацыю з Анжалікай Мельнікавай, іншай паплечніцай Паўла Латушкі, якая лічыцца зніклай, але якая, як пазней высветлілася, таемна сустракалася з легендаваным агентам беларускіх спецслужбаў.