У італьянскай Балонні беларусу забаранілі бываць у цэнтры горада
У італьянскім горадзе Балоння паліцыя прыняла рашэнне забараніць на два гады з’яўляцца ў цэнтры горада двум удзельнікам бойкі — 32-гадоваму беларусу і 34-гадоваму італьянцу, піша «Беларусь и мир».
Від на плошчу П'яца Маджоры. Фота: facebook.com/comunebologna
Інцыдэнт адбыўся 18 жніўня ў гістарычным цэнтры Балонні — на галоўнай плошчы П’яца Маджоры, каля аптэкі пад аркадамі палаца д’Аккурсіа. У бойцы ўдзельнічалі каля дзесяці бяздомных, якія ўжо амаль год начавалі і праводзілі час у гэтым раёне, бадзяючыся паміж будынкамі мэрыі, плошчай П’яцэта Гуацалока і палацам Рэ Энца.
У той дзень сварка хутка перарасла ў бойку, падчас якой бездомныя кідаліся адзін у аднаго шклянымі бутэлькамі. У выніку двух мужчын — беларуса і італьянца — паліцыя прызнала «небяспечнымі», тым больш што абодва ўжо мелі судзімасці за рабаванні, пагрозы і нанясенне цялесных пашкоджанняў.
Начальнік паліцыі выдаў распараджэнне DACUR (divieto d’accesso alle aree urbane), паводле якога ім забаронена наведваць цэнтральную частку горада.
Цікава, што літаральна за некалькі дзён да гэтага, у тым самым месцы і таксама ўдзень, адбыўся падобны інцыдэнт: двое бяздомных пабіліся, і адзін пагражаў другому складным нажом. Карабінеры пасля прыбыцця затрымалі толькі аднаго ўдзельніка, які добраахвотна аддаў нож, а другі ўцёк.
Мясцовыя жыхары і ўладальнікі крам ужо даўно скардзяцца на праблему: каля 15 бяздомных пастаянна знаходзяцца ў цэнтры Балонні, і сітуацыя не вырашаецца. Людзі хочуць большай бяспекі і большай прысутнасці паліцыі на вуліцах. У той жа час, на іх думку, патрэбна і комплексная праца — меры па рэсацыялізацыі, дапамога і падтрымка для тых, хто апынуўся ў цяжкай сітуацыі.
Чытайце таксама:
У Санкт-Пецярбургу беларуса пырнулі нажом у букмекерскай канторы
Яшчэ аднаго беларуса затрымалі ў Польшчы з-за працы на замежную разведку