БЕЛ Ł РУС

Дудзінскі выдае свой першы раман з інтрыгоўным сюжэтам

25.08.2025 / 12:58

Nashaniva.com

Вядучы Дзяніс Дудзінскі напісаў свой дэбютны раман — ужо стартавала перадзамова на кнігу. Распыталі ў яго, пра што атрымаўся твор з мудрагелістай назвай «Пацібулум».

Дзяніс Дудзінскі. Фота: Facebook

«Пацібулум» — не першы пісьменніцкі досвед для Дзяніса. Ён адзначае, што пачаў пісаць яшчэ ў студэнцкія часы, але тады хутчэй пісаў у стол ці друкаваў свае тэксты ў студэнцкіх выданнях. Пасля заканчэння Лінгвістычнага ўніверсітэта Дзяніс працаваў перакладчыкам і аўтарам-складальнікам у вялікім выдавецтве — расказвае, што там у яго выдадзена больш за 50 немастацкіх кніг.

Але ж прыйшоў час паспрабаваць сябе ў іншых фарматах. У 2022-м Дзяніс ужо выдаў кнігу з апавяданнямі, а вось цяпер узяўся за раман.

«Задумаўся: чаму б не напісаць мастацкі твор? Тым больш што ў мяне добрая фантазія, і ў галаве самі сабой нараджаюцца нейкія вобразы, планы, ідэі. То-бок я не прыходзіў да пісьменніцтва, гэта яно да мяне прыйшло».

Фота: knihauka.com

У назвы рамана ёсць падзагаловак — «Дзесяць дзён аднаго горада». Уладар гэтага горада прапануе гараджанам выбар паміж уласным камфортам і жыццём па сумленні і загадвае праз дзесяць дзён прыйсці на тую ж плошчу. 

Гэты выбар зменіць гараджан назаўжды, і далёка не ў лепшы бок. Вось чаму свой першы раман Дзяніс называе антыўтопіяй.

«Гэтая кніга пра тое, як за дзесяць дзён змяняюцца прыстойнае грамадства і цывілізаваны горад, калі даць ім магчымасць выбару і шанс камусьці адпомсціць, як гэтае грамадства і людзі могуць ператварыцца з паважаных гараджан у суддзяў, забойцаў, гвалтаўнікоў і катаў.

Не ведаў, ці па часе гэта будзе дзесяць дзён, два тыдні або месяц. Атрымалася, што, калі пачытаць нешта з псіхалогіі і потым гэта ўкараніць у аповед, бачна: дзесяці дзён дастаткова, каб нават самага прыстойнага чалавека можна было ператварыць у ката, а апошняга баязліўца зрабіць героем, які закрые астатніх сваімі грудзямі», — расказвае Дудзінскі.

Дзяніс кажа, што адлюстраваныя ў кнізе ідэі з’явіліся ў яго ўжо шмат гадоў таму, але спачатку ён іх не збіраўся фіксаваць. А потым сюжэт і героі пачалі рабіцца ўсё больш выразнымі, думкі пра іх пераследвалі. І Дудзінскі зразумеў, што трэба проста сесці і запісаць гэтую гісторыю. У выніку на тое, каб напісаць раман, яму спатрэбіўся год.

Вось як Дзяніс тлумачыць філасофію сваёй кнігі:

«Ты выбіраеш або дрэнны варыянт, або вельмі дрэнны варыянт. Але ў адным варыянце гэта не датычыць цябе асабіста, ты можаш рабіць дрэннае рукамі іншага чалавека. Ці выбіраеш іншы варыянт, калі ты не ідзеш на ўгоду з сумленнем. Ты малайчынка, герой, але цябе чакае вельмі дрэнны лёс.

То-бок калі ты хочаш жыць па сумленні, табе будзе вельмі дрэнна. А калі ты дапускаеш магчымасць трошкі здрадзіць, трошкі некага падштурхнуць, тады, можа, табе будзе і не так дрэнна».

Ніхто з нас не ведае, разважае Дзяніс, на што ён здольны ў сітуацыі выбару, пакуль сам у ёй не апынецца. Мы можам лічыць, што ніколі не здрадзім сябру, але калі гэта нам будзе каштаваць нечага дарагога, незразумела, які выбар мы зробім.

Што да назвы, пацібулум — гэта частка крыжа, якую асуджаныя на распяцце неслі на сваіх плячах да месца, дзе іх каралі смерцю. Прынята лічыць, што людзі неслі на сабе цэлы крыж, але гэта фізічна немагчыма, кажа Дудзінскі, бо той крыж мог важыць больш за 200 кг:

«Таму ў тыя часы заўжды насілі [на сабе] гарызантальную папярэчыну. Яна таксама вельмі цяжкая, можа важыць 100 кг. Гэтая гарызантальная папярэчына і называецца «пацібулум».

То-бок мы нібыта нясем на сабе крыж, але насамрэч мы нясем толькі яго малую частку».

Раман Дзяніса Дудзінскага выходзіць у выдавецтве «Янушкевіч». Замовіць кнігу можна тут.

Чытайце таксама:

Калі машыны будуць кантраляваць усё, ці не пачнуць яны ўрэшце кантраляваць і тых, хто пры ўладзе?

Ці можна вярнуць разбуранае 100 год таму? Дубавец — пра «Дом» Горвата

Выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла перадзаказ на «Дзюну» Фрэнка Герберта

Каментары да артыкула