Беларускія хірургі правялі паспяховую трансплантацыю лёгкіх пацыенту з хваробай сэрца і імунадэфіцытам
Беларускія лекары ўпершыню ў краінах СНД правялі ўнікальную аперацыю — трансплантацыю лёгкіх пацыенту з Узбекістана, які меў таксама цяжкае захворванне сэрца і імунадэфіцыт. Яшчэ некалькі тыдняў таму хлопец не мог самастойна хадзіць і жыў толькі дзякуючы пастаяннай кіслароднай падтрымцы, але сёння ён ужо адчувае сябе лепш і рыхтуецца да выпіскі, піша БелТА.
Да паступлення ў Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі хлопец быў у вельмі цяжкім стане: аслаблены, з дэфіцытам вагі, з небяспечнай інфекцыяй у лёгкіх і залежнасцю ад кіслароднага канцэнтратара. Ён амаль не мог рухацца самастойна. Лекары ацэньвалі яго шанцы на выратаванне толькі ў 15—20%.
Спачатку пацыента падключылі да сістэмы экстракарпаральнай мембраннай аксігенацыі (ЭКМА), каб падтрымаць жыццёвыя функцыі. Потым было прынята складанае рашэнне праводзіць аперацыю, якая ўключала два этапы: кардыяхірургічны і трансплантацыйны.
Спачатку кардыяхірургі выправілі прыроджаную анамалію сэрца — так званае «трохперадсэрднае сэрца», а таксама зрабілі пластыку перагародкі паміж перадсэрдзямі. Пасля гэтага таракальныя хірургі правялі трансплантацыю донарскіх лёгкіх.
Дадатковай складанасцю было тое, што пацыент з дзяцінства жыў з ВІЧ-інфекцыяй. У свеце вядомыя выпадкі трансплантацыі нырак, печані і нават сэрца ў людзей з ВІЧ, але аперацыі па перасадцы лёгкіх у такіх пацыентаў — вялікая рэдкасць. Гэта патрабавала асаблівай падрыхтоўкі, падбору лекаў і каманднай працы інфекцыяністаў, кардыяхірургаў і трансплантолагаў.
Нягледзячы на ўсе рызыкі, аперацыя прайшла паспяхова. Сёння хлопец адчувае сябе значна лепш: ён можа дыхаць без апаратаў і рыхтуецца да вяртання ва Узбекістан. Беларускія дактары называюць гэты выпадак выключным нават у сусветнай практыцы, бо ён спалучаў вельмі складаную камбінацыю паталогій, а станоўчы вынік стаў магчымы дзякуючы вопыту і прафесійнай мужнасці каманды.
Чытайце таксама:
У Мінску створаць тры цэнтры экстраннай медыцынскай дапамогі
У Калінкавічах закрылі радзільнае аддзяленне — каб нарадзіць, трэба ехаць у іншы раён
Фэйсфітнэс і ніткі для падцяжкі твару не працуюць — пластычны хірург тлумачыць чаму